Мероприятия по случаю Дня пожилых людей массово прошли в Шумилинском районе

Актуалии Общество

«Ветэраны па пашпарце,
маладыя ў душы  …”

Багата мерапрыемстваў  прайшло ў раёне ў Дзень пажылых людзей.
У гарадскім Доме культуры было арганізавана “Незвычайнае падарожжа”. Прама ў фае сустракалі выставы захапленняў ветэранаў: гаспадыні Л. П. Вараб’ёва і Л. У. Журава дэманстравалі хатнія кветкі, а Л. П. Сафончык – вырабы з бісеру.
На мерапрыемстве прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, дэпутат  Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. У. Шыцько, старшыні сельвыканкамаў,  намеснікі па ідэалагічнай рабоце арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
Вядучыя адразу адзначылі, што мерапрыемствы да Дня пажылых людзей сталі ў раёне добрай традыцыяй, гэты дзень можна з лёгкасцю назваць днём удзячнасці пажылым людзям за іх самаахвярную працу, за жыццёвы вопыт…
Арганічна ўпісалася ў праграму свята і прывітанне ад малышоў з дзіцячага садка № 2, малыя шчыра і з гумарам павіншавалі сваіх дзядуль і бабуль са святам.
Грунтоўна і падрабязна расказала асноўныя накірункі дзейнасці ветэранскай арганізацыі старшыня раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікава.  Кацярына Фамінічна падкрэсліла, што ветэраны – своеасаблівая катэгорыя людзей. З аднаго боку, ім, як нікому іншаму, патрэбна  пастаянная ўвага грамадскасці, улады, грамадскіх арганізацый. А з другога боку, дзякуючы багацейшаму жыццёваму вопыту і невычэрпнай энергіі, яны з’яўляюцца незаменнымі ў патрыятычным выхаванні моладзі.
На сцэну запрашаюцца ветэран працы, член прэзідыума раённага савета ветэранаў,  жыхар Шуміліна Антон Антонавіч Цынгель, старэйшына вёскі Сянькова Сіроцінскага сельсавета Еўфрасіння Сысоеўна Лявонава і член прэзідыума раённага савета ветэранаў жыхар Шуміліна Тадэвуш Мацвеевіч Тарыма. За актыўную жыццёвую і грамадзянскую пазіцыю ім прысвоена званне “Ганаровы ветэран”.  Знак “Ганаровы ветэран” уручае У. У. Шыцько (на здымку ўверсе). Уладзімір Уладзіміравіч напачатку павіншаваў шаноўных ветэранаў з узнагародай,  выказаў словы ўдзячнасці і пажадаў усім моцнага здароўя. Дэпутат  выказаў цвёрдую упэўненасць, што ветэранскі рух заўсёды будзе адыгрываць значную ролю ў грамадска-палітычным жыцці краіны.
І. М. Новікава  адзначыла, што ў зале сабраліся  “ветэраны па пашпарце, маладыя ў душы”.  “Сёння ў раёне пражывае 6233 чалавекі пенсійнага ўзросту, з іх амаль тысяча працуе, ветэраны актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах”, – сказала  Ірына Мікалаеўна.
У раённым аглядзе-конкурсе “Зямля мая – мой родны дом” бралі ўдзел  звыш ста гаспадароў сядзіб з усяго раёна, на конкурс іх вылучылі сельвыканкамы, грамадскія арганізацыі і жыхары раёна. І. М. Новікава ўручыла дыпломы і каштоўныя падарункі А. В. Шыёнак (в. Лялюгі), З. В. Уробушкінай (в. Пабеда), Л. А. Грыгор’евай (а.-г. Мікіціха), Н. Р. Бараноўскай (в. Барэц), Ф. П. Юрке-вічу (а.-г. Мішневічы) (на здымку), І. І. Мікульчыку (г.п. Обаль), Ф. А. Лапавухавай (в. Сіроціна), Р. А. Лапавухавай (в. Сіроціна), В. С. Ушал (в. Мішкавічы) і З. Я. Жандаравай (в. Язвіна) за актыўны ўдзел у конкурсе, узорны парадак і эстэтычнае ўтрыманне прыдамавой тэрыторыі. Таксама Ірына Мікалаеўна ўручыла граматы Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў жыхаркам Шуміліна Э. І. Грэчка і А. А. Леўчанковай.
Яшчэ больш чым дваццаць гаспадароў былі адзначаны за актыўны ўдзел у аглядзе-конкурсе, ім удзячнасці і каштоўныя падарункі ўручыла К. Ф. Палоўнікава.
Напрыканцы мерапрыемства выступіла старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) І. У. Сінкевіч. Іна Уладзі-міраўна расказала прысутным аб сумесным праекце раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, АПБ і ветэранскай арганізацыі  “Птушкам усе ўзросты падуладны”.

Пад  гукі  раманса  “Белай акацыі …”
Пярвічныя ветэранскія арганізацыі аддзела адукацыі, СШ №1 і СШ №2 і райкам прафсаюза педагагічных работнікаў выступілі ініцыятарамі мерапрыемства, якое прайшло ў СШ №1. “Каля 150 чалавек аб’ядноўвае наша ветэранская арганізацыя,  –  дзеліцца старшыня раённай ветэранскай арганізацыі педагагічных работнікаў Л. Ф. Мурашка. –  Стала добрай традыцыяй праводзіць мерапрыемствы ў пачатку кастрычніка, тым больш, што тут адразу два святы – Дзень пажылых людзей і Дзень настаўніка”.
Начальнік раённага аддзела адукацыі П. У. Спірыдонаў шчыра павіншаваў калег са святам. “Вы застаяцеся калегамі, педагогамі, настаўнікамі”,  – падкрэсліў Пётр Уладзіміравіч.  Словы ўдзячнасці і пашаны адрасавала старэйшым калегам і старшыня  райкама прафсаюза педагагічных работнікаў Г. Ф. Раманенка. Усім да душы  прыйшоўся творчы падарунак дырэктара СШ №1 В. В. Мяньковай.  Валянціна Васільеўна выканала раманс “Белай акацыі …” з мастацкай стужкі “Дні Турбіных”. Зразумела, не абышлося і без канцэрта, які падрыхтавалі вучні СШ №1.
А далей была шчырая гаворка за кубкам чаю, гаварылі пра жыццё-быццё, успаміналі сур’ёзныя і кур’ёзныя выпадкі з педагагічнай работы. Дзве гадзіны сустрэчы праляцелі як адно імгненне.

Птушкі і пераемнасць пакаленняў
Ветэраны актыўна ўключыліся ў экалагічны праект “Птушкам усе ўзросты падуладны”. Рэалізуюць праект для ветэранскай арганізацыі  раённае аддзяленне грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) і раённы Цэнтр дзяцей і моладзі.  Таму і была арганізавана адмысловая сустрэча для сваіх новых сяброў з ветэранскай арганізацыі.
За кубкам гарбаты пад акардэон адбывалася сустрэча. Арыгінальная віктарына, прапанаваная работнікамі Цэнтра,  лёгка, праз усмешку і гумар, перанесла пажылых экалагічных актывістаў у казачны свет дзяцінства. Такі лёгкі і няўрымслівы пачатак мерапрыемства надаў агульны тон усёй сустрэчы.
Неўзабаве гутарка перайшла на птушак – новае захапленне нашых ветэранаў. І вось ужо вырашана, што яны прымуць удзел у восеньскіх падліках птушак.
З усмешкамі успомнілі ветэраны паход на Обальскае балота (праўда, тады многім было не да смеху) і экскурсію на Казьяншчыну.  Любоў да роднай зямлі, да прыроды аб’яднала некалькі пакаленняў –  гэта і ёсць пераемнасць.
Тэкст і фота Аляксандра ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №79 ад 05.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *