Чыстая вада – у кожную вёску

Планамі на бягучы год па забеспячэнні жыхароў раёна якаснай пітной вадой падзялілася кіраўніцтва філіяла “Полацкводаканал” УП “Віцебскаблводаканал”.
Сёлета – заключны год рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2021-2025 гады. У рамках дзяржпраграмы ў бягучай пяцігодцы актыўна рэалізоўвалася падпраграма “Чыстая вада”, мэта якой – забяспечыць насельніцтва якаснай пітной вадой.
У рамках рэалізацыі падпраграмы “Чыстая вада” у Шумілінскім раёне філіял “Полацкводаканал” УП “Віцебскаблводаканал” актыўна ўводзіць у строй станцыі абезжалезвання і водаачышчальнае абсталяванне, перакладае водаправодныя сеткі. Як расказаў намеснік дырэктара па абслугоўванні сельскіх населеных пунктаў “Полацкводаканала” Уладзімір Пірагоў, у мінулым годзе былі ўведзены ў строй чатыры станцыі абезжалезвання: у аграградках Мішневічы і Башні, вёсках Добрына і Мішкавічы, на свідравінах, якія забяспечваюць вадой восем вёсак (Захарава, Лявонава, Дубрава, Убоіна, Ужляціна, Навікі, Мазурына, Гародна), устаноўлена водаачышчальнае абсталяванне. Заменена каля сямі кіламетраў водаправодных сетак у вёсках Рыпіншчына, Дубрава, Яцукі, Мішневічы.

Не меншыя планы ў арганізацыі і на 2025 год. Будуць заменены таксама каля сямі кіламетраў сетак. У прыватнасці, ужо вядуцца работы па далучэнні вёскі Засіннікі да водаправоднай сеткі Шуміліна, пачаліся работы ў Юраве, а таксама па вуліцы Зарэчнай у Мішневічах, пасля чаго ўвесь аграгарадок будзе забяспечаны чыстай пітной вадой. У планах – замена водаправодных труб
у вёсках Пабеда і Клётчына. У сямі населеных пунктах – Жданоўка, Завяззе, Юрава, Ізгародзішча, Кавалеўшчына, Ілава, Доўгія-Саўчонкі – будуць уведзены сістэмы водаачысткі, у выніку чаго жыхары населеных пунктаў атрымаюць чыстую ваду.
Як падкрэсліў Уладзімір Пірагоў, гэтыя мерапрыемствы дазволяць поўнасцю забяспечыць чыстай пітной вадой жыхароў усіх населеных пунктаў, дзе пражывае больш за 5 чалавек.
«Наша прадпрыемства гатова прыняць на баланс і давесці да ладу свідравіны і водаправодныя сеткі, якія належаць сельскагаспадарчым арганізацыям раёна, – заўважыў ён. – На жаль, мы не бачым актыўнага руху з іх боку.
2025 год абвешчаны Прэзідэнтам краіны Годам добраўпарадкавання, і навядзенне парадку з водазабеспячэннем насельніцтва якаснай пітной вадой дазволіць палепшыць дабрабыт жыхароў раёна».
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
