Это мой профессиональный праздник

Культура

“Прафесію сваю люблю і ні на якую не прамяняю”
Алена Сініцкая, выкладчыца Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў, у прафесію прыйшла свядома і абдумана. І сёння можа назваць сябе чалавекам, улюблёным у сваю справу.
Для яе, як і для многіх музыкантаў, усё пачалося з музычнай школы. Яна, гарадская дзяўчына, была актыўным дзіцём, любіла спяваць, мела здольнасці да музыкі, а таму скончыла ў свой час Віцебскую харавую музычную школу, асвоіла і ігру на фартэпіяна. Пасля вучылішча закончыла Мінскі ўніверсітэт культуры па спецыяльнасці “Выкладчык харавых дысцыплін, кіраўнік акадэмічнага хора”.
У 1989 годзе Алена Сініцкая трапіла па размеркаванні ў Шуміліна, пачынала свой працоўны шлях у аддзеле культуры, амаль адразу апынулася ў музычнай школе. З таго часу з гэтай установай не расстаецца.
У 1997 годзе пры музычнай школе створана харавое аддзяленне, загадчыкам якога была прызначана А. М. Сініцкая. За два гады з лепшых вучняў школы ўтварыўся хор. У 2006 годзе ён атрымаў званне “ўзорны”. Летам хор у чарговы раз пацвердзіў ганаровы статус.
Гэта плён работы ўсяго калектыву, падкрэслівае Алена Міхайлаўна.  Найперш, падтрымка і разуменне дырэктара ДШМ Г. Г. Мацвяйчук. Па-другое, мэтанакіраваная работа трох выкладчыкаў аддзялення і канцэртмайстра А. А. Новікавай.
“У маім прафесійным жыцці быў самы хвалюючы момант, калі прысвойвалі хору званне “ўзорны”, – прызнаецца Алена Сініцкая. – Як сёння памятаю тое выступленне перад прадстаўнічай камісіяй. І вельмі ўдзячна сваім таленавітым выхаванцам Машы Лазаравай, Ані Табуновай, Валі Алымавай, Іры Іваненка”.
Для А. М. Сініцкай як для выкладчыка гонар, што многія яе выхаванцы ідуць па яе слядах і выбіраюць прафесію музыканта. Вольга Куст (Кайдановіч) ужо вывучылася і зараз выкладае ў Лескавічах, Святлана Лебедзева пасля заканчэння музычнай установы працуе ў Мінску ў маладзёжным тэатры Васіля Раінчыка. Сёлета заканчвае вучобу Маргарыта Кібісава.
Трэба сказаць, што сёння ніводнае раённае мерапрыемства не абыходзіц-ца без выступлення хору школы мастацтваў, а таксама яго вакальных груп і салістаў. Рэпертуар калектыву самы шырокі – ад класікі да сучасных твораў.
А. М. Сініцкая ўдала спалучае асноўную работу з грамадскай нагрузкай. Пяць год таму яна была абрана на пасаду старшыні райкама прафсаюза работнікаў культуры. Па натуры хуткая, мабільная і актыўная, яна ўсюды паспявае, у яе ўсё атрымліваецца, ёсць аддача і добрыя вынікі ў рабоце. За гэта і за многае іншае А. М. Сініцкая не памяняе сваю прафесію ні на якую іншую.
Тэкст і фота Алены КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №81 ад 12.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *