З 8 красавіка экзамены на права кіравання транспартнымі сродкамі праходзяць у новым фармаце. Што змянілася, расказаў начальнік ДАІ РАУС Мікалай Гаралевіч.
«Змяненні ўнесены пастановай № 67 Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, – расказаў Мікалай Уладзіміравіч. – З 8 красавіка для некаторых вадзіцеляў стала прасцей здаваць экзамены. Так, калі адкрыта катэгорыя “В”, то пры здачы на “С” (і наадварот), не трэба праходзіць практычныя іспыты на аўтадроме. Не трэба іх здаваць таксама і пасля заканчэння тэрміну пазбаўлення права кіравання транспартнымі сродкамі. Практычны экзамен будзе праходзіць толькі ва ўмовах рэальнага дарожнага руху. Пры гэтым здача тэорыі па-ранейшаму застаецца абавязковай. Павялічана да трох разоў выкананне элементаў на аўтадроме (раней было два разы).
Для практычнага экзамену ў населеным пункце вызначаны тры абавязковыя элементы. Гэта праезд па дарозе, якая мае дзве і больш паласы для руху ў адным накірунку з максімальна дазволенай хуткасцю, выкананне не менш як аднаго развароту на нерэгулюемым перакрыжаванні, а таксама не менш аднаго левага павароту на перакрыжаванні. У той жа час будуць ацэньвацца ўсе дзеянні экзаменуемага пры руху на аўтадарозе паміж гэтымі трыма элементамі, асаблівая ўвага – прыпынку і праезду пешаходнага пераходу».

