Председатель профкома рассказывает, как экологические акции объединяют коллектив

2025 - Год благоустройства Культура Общество Экология

Зямныя дні аб’ядноўваюць калектыў

У календары міжнародных святаў існуюць два Дні Зямлі – абодва прыпадаюць на вясеннія месяцы. Першы святкуецца 20 сакавіка па ініцыятыве ААН, прымеркаваны да дня вясновага раўнадзенства і мае міратворчую і гуманістычную накіраванасць. Другі адзначаецца 22 красавіка і мае экалагічны напрамак. Прафсаюзны камітэт пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў кожны год з’яўляецца ініцыятарам правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Зямлі, у перыяд паміж гэтымі дзвюма датамі. Зямныя дні аб’ядноўваюць і гуртуюць наш прафсаюзны калектыў.

Гэта ідэальны час для ўкаранення невялікіх, але значных змяненняў у нашым паўсядзённым жыцці пярвічкі: ад эканоміі вады, ацяплення і электраэнергіі да збору макулатуры і пасадкі дрэў. Мы стараемся ўнесці свой уклад у экалагічную ўстойлівасць на працоўных месцах, забяспечваючы захаванне экалагічных нормаў і стандартаў. Гэтую пазіцыю падзяляюць усе члены пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.

Мерапрыемствы пачаліся з калектыўнага сходу і старту акцыі «Пасадзі дрэва», калі на прышкольнай тэрыторыі былі высаджаны саджанцы хвоі. Аднагалосна ўсе падтрымалі акцыю «Гадзіна Зямлі», як знак неабыякавага стаўлення да рэсурсаў Зямлі, і на гадзіну выключылі ў сваіх дамах электрычнасць.

Потым былі арганізаваны інфармацыйная выстава, дзе ўсе жадаючыя змаглі пазнаёміцца з экалагічнымі праблемамі нашай планеты, прагляд відэафільма «Міжнародны дзень Зямлі», арганізаваны збор макулатуры, акцыі па ўборцы і добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі і райцэнтра, сяўба насення на  расаду для азелянення школьнай тэрыторыі і перасадка раслін у фае актавай залы ўстановы.

Далучылі да спраў і вучняў ДШМ. Для іх былі арганізаваны віктарына «У нас Зямля адна!», выстава дзіцячых малюнкаў у фае школы, прысвечаная Дню Зямлі, у якой прынялі ўдзел як дзеці супрацоўнікаў, так і вучні мастацкага аддзялення пад кіраўніцтвам настаўніка Вольгі Шарыпавай.

22 красавіка, у экалагічны Дзень Зямлі, прафкам Шумілінскай ДШМ заклікае ўсіх неабыякавых людзей далучыцца да акцыі «Чыстае паветра» і адмовіцца ад выкарыстання асабістага аўтамабіля, прыняць удзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі гарадскога пасёлка і жылых двароў.

З якой мэтай мы гэта ўсё робім? Вельмі хочацца, каб у дарослых і падрастаючага пакалення фарміравалася ўстойлівая патрэба мець дачыненне да ўсяго, што адбываецца навокал, выхоўвалася гуманнае стаўленне да прыроды. Для дасягнення справядлівага балансу паміж эканамічнымі, сацыяльнымі і экалагічнымі патрэбамі цяперашняга і будучых пакаленняў неабходна садзейнічаць гармоніі з прыродай і планетай Зямля. Зменім свет да лепшага!

Нэлі ЖАВАРАНКАВА,  старшыня прафкама Шумілінскай ДШМ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *