Два праведзеныя суботнікі, месячнік па навядзенні парадку на зямлі, які падыходзіць да завяршэння, санітарныя дні па чацвяргах, спрыяльнае надвор’е – усе карты, як кажуць, трапілі нам у рукі, каб пасля зімы прыбрацца і абнавіцца, навесці марафет як на працоўных месцах, так і на ўласных падворках. Нічога не скажаш, большасць уключылася ў справу і навяла бляск. Аднак, на жаль, не ўсе.
Як паказаў рэйд, у які рэдакцыя адправілася разам з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзем Кісялевічам, некаторыя за добраўпарадкаванне практычна не браліся. І наогул, ад рэйду застаўся непрыемны асадак – сорамна і крыўдна, што хапае ў нас, пабачце, у першую чаргу нявыхаваных і безгаспадарчых грамадзян.
Маршрут ляжаў па населеных пунктах Светласельскага і Дабейскага сельсавета: вёсках Мазекі, Язвіна, Башні, Лескавічы, Прыазёрная, Непароты, Амбросавічы. Захоплівалі як прыватны сектар, так і сельскагаспадарчыя аб’екты: мехдвары, фермы. Не самы прывабны выгляд мае вёска Мазекі, якая таксама месціцца побач з буйной трасай Р-20. Каля некаторых падворкаў утвораны самыя сапраўдныя звалкі. Не зразумела, чаму вяскоўцы марудзяць. Чакаюць напамінаў і штрафаў?
Калі браць у цэлым, больш за ўсё засмуціла сітуацыя ў Язвіне. Некалькі свежых несанкцыянаваных звалак за вёскай, каля фермы, проста шакіравалі сваімі маштабамі. Бачна, што пастаралася мясцовае насельніцтва. А, між іншым, у вёсцы рэгулярна, па графіку, збіраецца смецце.
Ёсць пытанні ў раённага эколага да мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства, у прыватнасці, не бачыла ў гэтым сезоне сапраўднай гаспадарчай рукі ферма Башні – навокал раскідана мінулагодняя пакамечаная плёнка, смецце. Кіраўнік гаспадаркі, якога сустрэлі па дарозе, абяцаў сітуацыю ў самы бліжэйшы час выправіць, вось толькі справяцца з вывазам арганікі з тэрыторый жывёлагадоўчых аб’ектаў.
Па аграгарадку Башні работы па навядзенні парадку ідуць, некаторыя стыхійныя звалкі, як заўважыў Г. М. Кісялевіч, ліквідаваны.
Паціху рыхтуецца да купальнага сезона Лескавіцкае возера. Ідуць фарбавальныя работы, кантэйнеры ў парадку. Сіламі эколагаў, работнікаў лясгаса і членаў БРСМ у рамках акцыі «Беларусь сінявокая» на гэтым тыдні прыбрана прыбярэжная паласа.
Актыўна наводзяць парадак каля сваіх дамоў жыхары вёскі Прыазёрная. Аднак заўважаны і там ахвочыя выкінуць смецце не ў стацыянарныя кантэйнеры, а літаральна ў дзесяці метрах ад іх.
Парадавала карціна на памятным знаку загінуўшым землякам у гады вайны ў аграгарадку Амбросавічы – тут ва ўсю ішлі рамонтныя работы: тынкоўка, афарбоўка, добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі. Прыбіралі мінулагодняе лісце вучні Амбросавіцкай школы. Дагэтуль на рэспубліканскім суботніку тут была дэманціравана старая плітка. Ініцыяваў работы старшыня Дабейскага сельвыканкама Аляксей Іспянькоў.
А вось машынны двор і малочнатаварная ферма ў гэтым жа населеным пункце просяць вялікай уборкі…
Рэйд вызначыў асабліва праблемныя месцы па добраўпарадкаванні, менавіта на іх і неабходна засяродзіць намаганні адказным службам, заўважыў Генадзь Кісялевіч. Трэба прыступаць да навядзення парадку, ці калі ўжо прыступілі – даводзіць справу да канца. Не забываем, што Прэзідэнт Беларусі гэты год аб’явіў годам навядзення парадку ў краіне. І ўсім нам трэба сур’ёзна папрацаваць. І давайце дамовімся больш не смеціць. Давайце людзьмі звацца – звацца беларусамі, быць культурнымі, дбайнымі і ашчаднымі гаспадарамі.
Алена КАРПУШЭНКА.
ТРЭБА ВЕДАЦЬ
Якія штрафы прадугледжаны за несанкцыянаваныя звалкі?
На фізічную асобу – да 30 БВ, на ІП – да 100 БВ, на юрыдычную асобу – да 1000 БВ. Акрамя гэтага, налічваецца ўрон, нанесены навакольнаму асяроддзю адходамі.
ФАКТ
З пачатку года раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута 14 нядбайных гаспадароў.


