ОАО «Лежни» — лидеры весеннего сева в Шумилинском районе

Новости Сельское хозяйство

Такім працавітым памочнікі не патрэбны

Мяркуючы па раённай зводцы, ААТ «Ляжні» з’яўляецца перадавіком па сяўбе: на раніцу 2 мая тут засеяна 1204  гектары (96,3%) яравых культур.

Накіроўваемся ва ўрочышча Гаравыя, дзе працуюць перадавікі-сеяльшчыкі раёна Мікалай Лазука і Юрый Аўчыннікаў. Тут жа сустракаем маладога агранома Аліну Пяшко і механізатара Леаніда Аўчыннікава, які падвозіць насенне. «Бачыце, тут палеткі няроўныя, гарыстыя, – кажа Юрый Аўчыннікаў, які на пасяўной працуе дваццаць пяць год. – У мінулыя гады, бывала, спускаешся ў лагчыну, а там так мокра, што буксуеш – без дапамогі калег і не выехаць. А сёлета пыл слупом таіць. З аднаго боку добра, што суха. Але дажджы ўсё ж патрэбны». Юрый Аўчыннікаў на трохмятровым “Лемкен” засявае за дзень па 17 гектараў палеткаў, Мікалай Лазука на шасцімятровым пасяўным агрэгаце – у два разы больш. Увогуле на рахунку механізатараў больш за тысячу засеяных палеткаў.

«Нашы хлопцы – малайцы, – зазначае начальнік участка сельгаспрадпрыемства Валянціна Яцко. – З такімі працавітымі ніякіх памочнікаў не трэба – спраўляемся самі. Асноўная сяўба зерневых (700 гектараў) завершана. Зараз сеем аднагадовыя, якія пойдуць на зялёны корм і выпас жывёлы. Надвор’е спрыяе – за 45 гадоў работы ў сельскай гаспадарцы такой вясны не помню. Хутка прыступім да сяўбы кукурузы – яе мяркуем засеяць трыста гектараў».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *