Дзеці выбіраюць «Пунсовы ветразь»
Менш чым месяц застаўся да летніх канікул. Зараз самы час для нас, дарослых, падумаць пра летні адпачынак дзяцей, каб ён быў цікавым і карысным, запамінальным і бяспечным. Менавіта такі адпачынак будзе ў стацыянарным кругласутачным выхаваўча-аздараўленчым лагеры «Пунсовы ветразь».
– Мая дачка Арына летась адпачывала ў «Пунсовым ветразі», – расказвае Марына Масько. – Ёй усё спадабалася. Як сама жартавала, ад розных мерапрыемстваў не было часу нават адпачыць. Гэтым летам Арына зноў паедзе ў лагер у Лескавічы.– Для нас выбар зроблены: Ганна на другую змену паедзе ў «Пунсовы ветразь», – кажа Вікторыя Праліч. – Мінулым летам былі ў лагеры таксама на другой змене. Адпачынак у лагеры падарыў Ганне безліч пазітыўных эмоцый і ўспамінаў. Таксама дачка казала, што вельмі смачна кормяць.
Плануецца, што за чатыры летнія змены (колькасць дзён у змене – 15) у стацыянарным кругласутачным выхаваўча-аздараўленчым лагеры «Пунсовы ветразь» адпачне 275 дзяцей. «Першая змена пройдзе з 3 па 17 чэрвеня, другая – з 23 чэрвеня па 7 ліпеня, трэцяя – з 15 па 29 ліпеня, чацвёртая – з 4 па 18 жніўня, – расказала начальнік лагера Святлана Раманава. – Кожная змена будзе тэматычнай («Планета здаровага ладу жыцця і бяспекі», «Планета патрыётаў», «Экапланета» і «Артпланета»), гэта робіцца для таго, каб дзеці маглі выбраць менавіта тое, чым яны цікавяцца».
Сёлета ў арганізацыі дзіцячага летняга адпачынку ёсць новаўвядзенні. У лагерах могуць адпачываць і аздараўляцца дзеці ва ўзросце ад 6 да 17 год, якія вучацца ў школах. Бонус ад дзяржавы атрымалі мнагадзетныя сем’і, апякунскія сем’і, дзеці-сіроты: дзеці з такіх сем’яў могуць адпачываць у лагеры дзве змены.
ІНФАРМАЦЫЯ ДЛЯ БАЦЬКОЎ
Бацькоўская плата за адну змену – ад 365 да 370 рублёў (у залежнасці ад узросту). На многіх прадпрыемствах згодна з калектыўнымі дагаворамі кошт пуцёўкі будзе меншым: частку кампенсуюць прафсаюзныя арганізацыі. Ужо зараз можна забраніраваць пуцёўку. Для гэтага неабходна звярнуцца ў РЦДіМ (вул. Ленінская, д. 7а) ці патэлефанаваць па нумары 5-70-49.
ПАСПЯШЫЦЕ! Пуцевак засталося няшмат.
Аляксандр ШЭДЗЬКО

