1 ЧЭРВЕНЯ – МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ АБАРОНЫ ДЗЯЦЕЙ. У кожнага дзіцяці ёсць права быць шчаслівым
Не ўсім дзеткам шчасціць жыць з роднымі людзьмі ў біялагічных сем’ях, але тым не менш дзякуючы падтрымцы дзяржавы, дзякуючы шчырым і добрым людзям, у многіх дзяўчынак і хлопчыкаў ёсць магчымасць атрымліваць любоў ад някроўных бацькоў. У якасці прыкладу – хочацца назваць дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Шуміліне.
Маці-выхавальнік Ірына Аляксандраўна Загвоздава – чалавек вялікага сэрца і душэўнай цеплыні. Яна 14 гадоў працавала прыёмнай мамай (яе старэйшая прыёмная дачка сама мае сям’ю), паўтара года таму стала выхавальнікам дзіцячага дома сямейнага тыпу. Цяпер у яе на выхаванні сямёра дзетак. Да кожнага знаходзіць падыход, нягледзячы на іх складаныя характары і пераходныя ўзросты.
І дзеці адчуваюць гэту цеплыню, цягнуцца да сваёй МАМЫ – менавіта так усе без выключэння называюць Ірыну Аляксандраўну.
Сярод выхаванцаў – адна дзяўчынка, 11-гадовая Мілана. Самая камунікабельная і смелая, яна першая памочніца мамы па доглядзе за малодшымі. І з будучай прафесіяй амаль вызначылася – хоча быць выхавальнікам. «Мы з маім братам Максімам, якому 13 гадоў, жывём разам з мамай ужо 6 гадоў. Разам ходзім на “Батлейку” ў Дом рамёстваў і вельмі задаволены, што маем такую сям’ю, – расказала Мілана. – У нас прасторны цёплы дом, ёсць вялікі тэлевізар, пральная машына, новы халадзільнік. Мы маем многа цацак і розных гульняў. Усе сябруем паміж сабой. Я лічу ўсіх хлопчыкаў сваімі брацікамі».
Здорава, што практычна ўсе дзеці маюць свае захапленні. Багдан, напрыклад, любіць гуляць у футбол. Захапляецца бегам Максім. Дзевяцігадовы Слава займаецца на гуртку выпальваннем, а яго сямігадовы брацік Дзіма – арыгамі. Першакласнік Глеб любіць маляваць. 13-гадовы Ігар вучыцца ў спецыялізаванай школе ў Віцебску для дзяцей з парушэннем слыху, прыязджае дамой толькі на выхадныя.
Дзіцячы дом сямейнага тыпу мае статус дзяржаўнай установы, але тут клапоцяцца пра дзяцей, сочаць за іх здароўем, фізічным развіццём, ствараюць усе ўмовы для камфортнага пражывання. Ірына Аляксандраўна вельмі любіць сваіх дзяцей і лічыць, што кожны з іх мае права быць шчаслівым. І ўсё робіць для таго, каб дзеці з радасцю вярталіся дамой, даражылі сям’ёй. Вучыць узаемападтрымцы, парадку, правільна распараджацца грашыма, цаніць чужую працу, быць клапатлівымі. Дзеці ў адказе за кармленне рыбак і хамякоў, дапамагаюць на прысядзібным участку, усе разам наведваюць нядзельную школу пры храме Мікалая Цудатворцы (там Ірына Загвоздава працуе настаўнікам), туды прыязджаюць наведаць дзяцей і некаторыя біялагічныя бацькі, але ў працэс выхавання не ўмешваюцца.
Сям’я любіць разам падарожнічаць – пабывалі на экскурсіях у Бешанковіцкім і Гарадоцкім раёне, які арганізаваў Шумілінскі духоўны праваслаўны цэнтр, былі на Вялікім камені, у Обальскім музеі, у Віцебску каталіся на цеплаходзе і наведвалі атракцыёны.
«Галоўнае для дзяцей – мець сям’ю, знайсці тое месца, дзе адчуваеш падтрымку, дзе ёсць дарослыя, якім давяраеш, якія дапамогуць і дадуць слушную параду», – пераканана Ірына Загвоздава.
Ларыса ЗАЙЦАВА

