В Шумилинском районе с золотой медалью заканчивают школу семь выпускников

Главное Молодёжь Образование Общество

Залатыя  героі школы

Сёння ў школах раёна пройдуць выпускныя вечары, на якіх выпускнікам 11 класаў уручаць атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі і сертыфікаты цэнтралізаваных экзаменаў.

 

Сем вучняў па выніках вучобы атрымаюць атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём. Медаль – гэта найвышэйшая адзнака працы школьніка, гэта сімвал жалезнай волі, моцнага характару, а залатыя медалісты – гонар школы, раёна, краіны. Медаль – першая дарослая ўзнагарода за дзіцячыя гады старання.  Сёлета сярэднюю школу з залатым медалём скончылі выпускнікі Шумілінскай СШ № 1 г. п. Шуміліна Валерыя Багачова, Ганна Волкава,  Кіра Гуйдо, Кіра Кавалёва,  Захар Сімановіч, Аліса Сцержанкова і выпускніца Обальскай СШ  Варвара Сачыўка. Яны атрымалі выдатныя адзнакі па выніках навучальнага года, пацвердзілі іх на цэнтралізаваных экзаменах.

 

СПЫТАЛІ Ў МЕДАЛІСТАЎ

«Ці лёгка атрымаць медаль?»  і «Якія планы на паступленне?».

Варвара САЧЫЎКА: Не зусім лёгка. Прыйшлося пасядзець на дакладных навуках, якія не зусім добра ў мяне ішлі. Але я старалася. Збіраюся паступаць на юрыдычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Заключыла мэтавы дагавор са Следчым камітэтам. Так што ўжо ведаю, дзе буду працаваць пасля заканчэння ВНУ.

Захар СІМАНОВІЧ: Стараўся – і ўсё атрымалася. Хаця і няпроста было, асабліва з гуманітарнымі навукамі. Збіраюся паступаць у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Са спецыяльнасцю пакуль не вызначыўся, але яна дакладна будзе звязана з праграмаваннем.

Кіра КАВАЛЁВА: Калі шчыра, пра медаль не марыла. Можна сказаць, што поўнасцю ўсвядоміла, што магу стаць медалісткай, толькі ў 11 класе. Куды буду паступаць – не скажу, не хачу насурочыць. Скажу так: спецыяльнасць будзе звязана з творчасцю.

Кіра ГУЙДО: Нават не ведаю, ці цяжка. Проста вучылася, усё атрымлівалася. Буду паступаць на «кібербяспеку» ў Полацкі дзяржаўны ўнівер сітэт.

Валерыя БАГАЧОВА: У 8 класе зразумела, што магу быць выдатніцай вучобы і атрымаць залаты медаль. Пасля такую задачу паставіла перад сабой. Паступаць збіраюся ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

Аліса СЦЕРЖАНКОВА: Самі вырашайце: лёгка ці складана: з 4-га класа пастаянна была на школьнай Дошцы гонару як выдатніца. Спецыяльнасць будзе звязана з праграмаваннем і атрымліваць яе збіраюся ў Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Ганна ВОЛКАВА: Я максімалістка па жыцці. Калі вучыцца, дык выдатна. Паступаць збіраюся ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

 

Пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі атрымаюць 164 вучні 9-х класаў, з іх 11– з адзнакай. Так што праз два гады ў вучняў СШ № 1 г. п. Шуміліна Соф’і Малашонак, Лізаветы Паўлючэнка, Вікторыі Васёха, Яўгеніі Кісялевіч, Кірыла Коцікава, Яраслава Лазоўскага, Таццяны Лазука, Кацярыны Сцяпанавай, вучаніцы СШ № 2 г. п. Шуміліна Дар’і Калеснікавай і вучаніц Обальскай СШ Валерыі Яроменак і Багданы Уласавай будуць усе шанцы ўпісаць свае прозвішчы ў летапісы сваіх школ, папоўніўшы рады залатых выпускнікоў. Але трэба будзе папрацаваць!

Аляксандр ШЭДЗЬКО



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *