Гаспадарку выручае “Раса”
У ААТ «Ляжні» распачалі падкормку кукурузы.
Трымаем шлях па палеткі паміж Ляжнямі і Беразніцай, дзе разгарнуліся работы.
Тут сустракаем начальніка ўчастка сельгаспрадпрыемства Валянціну Яцко. «Падкормку кукурузы карбамідам даверылі аднаму з самых вопытных і спрытных механізатараў – Дзмітрыю Рабчаеву, – расказала Валянціна Васільеўна. – Правёў хімпраполку больш за тысячу гектараў азімых зерневых, 450 га яравых і 304 га кукурузы. Цяпер яе тэрмінова трэба падкарміць, каб набралася сілы і пайшла ў рост».
Гэта складана сёлета рабіць на звычайных трактарах, бо кукурузныя палеткі нізкія, месцамі з-за дажджоў стаіць вада. Таму выручае “Раса” на пнеўматычным хаду – шырокім гумавым колам гразь не страшная. Да “Расы” падчапілі РДУ – і за работу.
Тым часам да краю поля пад’ехаў Дзмітрый Рабчаеў. Расказаў, што “Расу” атрымаў у 2011 годзе, з таго часу і працуе на ёй як на падкормцы, так і на хімпраполцы. «Гэта кукурузнае поле 67 гектараў, сёння яго падкармлю, а заўтра пераеду на іншыя палеткі, – расказаў механізатар. – Разганяюся да 25-30 кіламетраў у гадзіну – на хуткасці карбамід лепш рассыпаецца».
Ларыса ЗАЙЦАВА.

