«Галоўнае ў рабоце эканаміста – уважлівасць і дакладнасць»
Аналітычны склад розуму, камунікабельнасць, уменне працаваць у камандзе – гэтыя рысы характару дапамагаюць вядучаму эканамісту Шумілінскай ЦРБ Ірыне БУЖЫНСКАЙ у рабоце. Кіраўніцтва хваліць яе за прафесіяналізм і надзейнасць.
Ірына Бужынская закончыла Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Каля паўтара дзясятка гадоў працавала інспектарам падатковай інспекцыі, а калі там у 2022 годзе адбылася рэарганізацыя, перайшла ў райбальніцу. Яна ва ўсім любіць парадак і дакладнасць. Падлічвае штатны расклад установы і ведае, што ў медыцынскай сферы раёна працуюць 343 чалавекі. На іх заводзіць тарыфікацыйныя карткі, падлічвае надбаўкі і перадае бухгалтарам. Размяркоўвае бюджэтныя сродкі, якія ідуць на зарплату, лекі, медыкаменты і харчаванне пацыентаў, разлічвае арэндную плату, кошт лячэння і паслуг для замежных грамадзян.
«Галоўнае ў рабоце эканаміста – уважлівасць, – лічыць Ірына Анатольеўна. – Важна заўважаць тонкасці, бачыць недакладнасці і своечасова іх выпраўляць. У мяне талковы калега Алена Волкава, з ёй лёгка працаваць. Наогул і аддзел кадраў, і бухгалтэрыя – адна каманда».
Ірына Бужынская – чалавек спакойны, уседлівы, уважлівы. Ад лічбаў і справаздач яна адпачывае на дачы з мужам і двума сынамі, разам з якімі любіць гуляць у валейбол.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

