К Дню юриста. Интервью с председателем районного суда

Актуалии Закон

“Паміж ісцінай і прысудам павінен стаяць знак роўнасці”
Штогод у пачатку снежня юрысты Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Быць юрыстам – вялікі гонар і вялікая адказнасць. Яны – носьбіты ідэй справядлівасці і вяршэнства закона. Абавязак юрыстаў – чэсна служыць законнасці, стаяць на абароне законных правоў і інтарэсаў чалавека. А гэта, безумоўна, прад’яўляе да іх асаблівыя маральныя, этычныя і прававыя патрабаванні.
З нагоды прафесійнага свята размаўляем са старшынёй суда Шумілінскага раёна Аленай Аляксееўнай СІНІЦКАЙ.
– Алена Аляксееўна, раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе: дзе Вы нарадзіліся, як пачыналі свой працоўны шлях?
– Нарадзілася ў Браслаўскім раёне, са школы марыла атрымаць прафесію юрыста. Праўда, з першай спробы паступіць не ўдалося. Пайшла працаваць у суд Браслаўскага раёна, спачатку справаводам, затым сакратаром суда. Паступіла ў тэхнікум.
У 1986 годзе пасля заканчэння тэхнікума па размеркаванні трапіла ў суд Шумілінскага раёна  судовым выканаўцам. Закончыла юрыдычны факультэт БДУ, затым працавала ў натарыяльнай канторы, была загадчыцай. Праўда, увесь час, працуючы ў натарыяльнай канторы, хацелася вярнуцца менавіта ў суд: адчувала, што работа ў судовай сістэме – гэта маё. І ў сакавіку 2007 года перайшла на пасаду суддзі суда Шумілінскага раёна, у мінулым годзе прызначана старшынёй суда Шумілінскага раёна.
Хочацца сказаць словы падзякі тым людзям, якія дапамаглі ў маім прафе-сійным станаўленні. Першым настаўнікам і дарадцам стала Кашпар, якая на той час была старшынёй суда. У характары Галіны Іванаўны цудоўным чынам спалучаюцца прафесіяналізм і чалавечнасць. Усё жыццё адпрацавала сакратаром судовых пасяджэнняў Святлана Барысаўна Сідарэнка, яе багаты вопыт быў для мяне бясцэнным.
– Вы не толькі суддзя, а і кіраўнік… Не сакрэт, што ў рабоце суда шмат што залежыць ад узаемаадносінаў работнікаў і добра падабраных спецыялістаў.
– У рабоце невялікага раённага суда вельмі шмат залежыць ад мікраклімату ў калектыве. Ні ў якім разе нельга гаварыць пра тое,  што якасць работы суда залежыць выключна ад суддзі. Вялікі ўклад у агульную справу ўносяць работнікі апарата суда і судовыя выканаўцы. У калектыве суда павінны  працаваць тыя людзі, якім старшыня суда можа даверыцца ў самы адказны момант. Магу з упэўненасцю сказаць, што мяне акружаюць менавіта такія работнікі.
Больш чым дваццаць год працуе ў нас сакратар суда Т. І. Зянькова. Таццяна Іванаўна вывела на сталую дарогу не адно пакаленне юрыстаў. Толькі ўхвальныя словы заслугоўваюць нашы судовыя выканаўцы. Старшы судовы выканаўца А. К. Гімбіцкая аб’яднала вакол сябе маладых спецыялістаў. Дарэчы, з моладдзю нам пашанцавала. Зусім нядаўна працуе сакратаром судовых пасяджэнняў Анастасія Скірман, і ўжо зарэкамендавала сябе граматным і дапытлівым спецыялістам. Загадчыца канцылярыі Ірына Сокалава атрымлівае вышэйшую юрыдычную адукацыю ў Горацкай акадэміі. Цяжка ўявіць наш калектыў без кансультанта суда Н. А. Камісаравай, нашага прафсаюзнага лідара. Калі шчыра, менавіта вакол Наталлі Аркадзьеўны, дзякуючы яе тактоўнасці і уменню падтрымаць любога ў складаных сітуацыях, аб’ядноўваюцца як маладыя, так і вопытныя работнікі.
Хочацца сказаць і пра маладога суддзю  К. М. Унуковіч. Кацярына Міхайлаўна пачынала працаваць справаводам у Чашніках, была загадчыцай канцылярыі, судовым выканаўцам. А з пачатку гэтага года працуе суддзёй у судзе Шумілінскага раёна.
У той жа час Ірына Жарава, якая ў нас працавала кансультантам, цяпер – суддзя суда г. Наваполацка.
– Як вядома, суддзя, судовы работнік – гэта лад жыцця. Кодэкс гонару прад’яўляе вызначаныя патрабаванні да людзей, якія служаць Фемідзе. Ці лёгка ў такім невялікім мястэчку, як Шуміліна, ім адпавядаць?
– У невялікім раённым цэнтры суддзю і судовых работнікаў ведае практычна кожны жыхар. Таму любы наш учынак ацэньваецца. Заслужыць павагу не вельмі лёгка. Таму ў сваёй рабоце імкнуся кіравацца прынцыпам: паміж ісцінай і прысудам павінен стаяць знак роўнасці. Людзі гэта разумеюць. Мне ніколі не было сорамна за вынесеныя прысуды і рашэнні.
– Алена Аляксееўна, якія словы хацелі б адрасаваць свайму калектыву  напярэдадні прафесійнага свята – Дня юрыста?
– Хачу павіншаваць са святам тых людзей, з кім пачынала працаваць, хто зараз на пенсіі. Гэта старшыня суда Г. І. Кашпар, суддзя І. І. Марозаў, загадчыца канцылярыі В. І. Тукаева, сакратар судовых пасяджэнняў  С. Б. Сідарэнка. Вялікі дзякуй ім за працу.
Сённяшняму калектыву зычу моцнага здароўя,  сямейнага дабрабыту і жыццёвага аптымізму ў высакароднай і адказнай справе служэння Закону.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №95 ад 30.11.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *