28 сентября «прямую линию» с населением района провёл председатель райисполкома В. А. Подлещук

Актуалии Общество Президент

Калі пытанне не надуманае
У сераду 28 верасня старшыня раённага выканаўчага камітэта В. А. Падляшчук правёў “прамую лінію”. Некаторыя з тых, хто выйшаў на размову з кіраўніком раёна, звярталіся раней, іншыя ўпершыню набралі нумар 4-10-45. “Прамая лінія” як па тэматыцы зваротаў, так і па іх геаграфіі атрымалася мнагапланавай.
На гэты раз найбольш зваротаў паступіла ад жыхароў раёна па сферы абслугоўвання. В. П. Раманаў з райцэнтра паскардзіўся, што ў продажы няма масла сметанковага: “Ці то сырзавод узарвалі, ці то каровы не дояцца?! — абураўся ён у трубку. — Паў-Шуміліна абышоў, а масла не знайшоў”.
В. А. Падляшчук пагадзіўся, што такой сітуацыі проста не павінна быць, паабяцаў тэрмінова разабрацца і паправіць сітуацыю.
С. В. Ляўкова з Полькавіч не стала злоўжываць каштоўным часам кіраўніка раёна і пакінула сваё пытанне ў прыёмнай райвыканкама. Яна выказала незадаволенасць вельмі бедным асартыментам харчовых і прамысловых тавараў у мясцовым магазіне, папрасіла звярнуць на гэта ўвагу.
А вось А. В. Данчанка з райцэнтра хвалюе, ці будзе калі працаваць у райцэнтры дзіцячае кафэ.
Пытанне вельмі актуальнае, зазначыў Вальдэмар Антонавіч, раённая ўлада зацікаўлена ў аднаўленні работы дзіцячага кафэ і шукае шляхі вырашэння пытання.
З Обалі паступіла скарга ад В. В. Алянчак: “Атрымліваем дзіцячае харчаванне на дзіця да двух год, але ў гэтым месяцы не прывезлі мясныя кансервы. Чаму?” Па гэтаму пытанню В. А. Падляшчук паабяцаў тэрмінова разабрацца і паправіць сітуацыю.
Безумоўна, і гэта “прамая лінія” не абышлася без пытанняў камунальнага характару: “дах цячэ, як рэшата, комін прахудзіўся, а работнікі УП ЖКГ не ідуць рамантаваць” (Л. М. Талсташова, Шуміліна, вул. Вакзальная); калонку камунальнікі няправільна падключылі, зімой вада замярзае (Л. Ф. Фралова, райцэнтр).
Старшыні райвыканкама даводзіцца падштурхоўваць больш аператыўна рэагаваць на звароты людзей і камунальную, і іншыя раённыя службы, ад якіх залежыць дабрабыт і настрой насельніцтва. Ён заўсёды стараецца выслухаць і дапамагчы. Безумоўна, калі просьба рацыянальная і не супярэчыць інтарэсам грамадства і заканадаўству. У адваротным выпадку В. А. Падляшчук не баіцца адмовіць. Так было і на гэты раз, калі адна з жыхарак раёна выказала незадавальненне, што вясковая вуліца праходзіць ля фасада яе дома, а не за домам, а жыхар Віцебска прасіў пасля праведзенага і выйгранага ім аўкцыёна зменшыць арэндную плату на зямлю.
Калі ж пытанне не надуманае, а тым больш закранае інтарэсы многіх людзей, старшыня райвыканкама бярэ яго пад асабісты кантроль і прымае ўсе меры, каб вырашыць яго станоўча. Менавіта з такой просьбай звярнулася В. В. Шасцітка. Яна жыве ў мікрараёне насупраць возера, жылы квартал актыўна развіваецца, а вось прыпыначнага пункта побач няма, трэба ісці да ДРБУ-204.
Кіраўнік раёна выказаў удзячнасць за пастаўленае пытанне і запэўніў, што неўзабаве прыпыначны пункт будзе ўсталяваны.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №75 ад 30.09.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *