60 шумілінцаў адпачылі ў санаторыях

Лета – самая спрыяльная пара для таго, каб адпачыць і паправіць здароўе. Гэта час, калі ўсе адпраўляюцца ў лясы, горы, марскія ўзбярэжжы і іншыя курортныя мясціны. Але зусім не абавязкова накіроўвацца ў далёкія краіны. Добра адпачыць і аздаравіцца можна і ў беларускіх санаторыях.
Як выкарыстоўваюць гэтую магчымасць шумілінцы, расказала вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па Шумілінскім раёне Вікторыя Дружкіна.
Адпачынак і аздараўленне праз цэнтр ажыццяўляецца круглы год, пуцёўкі выдзяляюцца прапарцыянальна колькасці насельніцтва, таму летняга піку не бывае. Так, у мінулым годзе праз цэнтр аздаравіліся 126 чалавек, з іх 40 – ветэраны працы, 12 – інваліды, 4 – дзеці-інваліды, 36 – дзеці, яшчэ 12 дзяцей адпачывалі разам з маці, 22 пуцёўкі атрымалі работнікі арганізацый раёна. За першае паўгоддзе 2025 года пуцёўкі ў санаторыі атрымалі 60 чалавек, у тым ліку 31 дзіця, з якіх 4 – дзеці-інваліды, 8 адпачывалі разам з маці. На трэці квартал выдзелена 26 пуцёвак, з якіх 7 – для ветэранаў працы, 8 – дзіцячыя, 3 – для маці і дзіцяці.
Спецыяліст заўважыла, што праз цэнтр рэалізуюцца пуцёўкі, якія ў значнай ступені даціруюцца дзяржавай, таму яны даюцца строга па медыцынскіх паказчыках. Каб атрымаць пуцёўку, трэба сабраць адпаведны пакет дакументаў, пасля чаго ветэраны (непрацуючыя пенсіянеры), законныя прадстаўнікі дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 8 год, інваліды 1-й і 2-й груп, а таксама асобы, якія самастойна выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне, звяртаюцца ў цэнтр для пастаноўкі ў чаргу па профілю захворвання. Усе гэтыя асобы павінны быць зарэгістраваны на тэрыторыі Шумілінскага раёна. Працуючыя грамадзяне павінны звярнуцца ў камісію па аздараўленні сваёй арганізацыі, у тым ліку і калі пуцёўка патрэбна дзіцяці, а ўжо камісія звяртаецца ў прадстаўніцтва за пуцёўкай.
Заяўкі рэалізуюцца па меры паступлення адпаведных пуцёвак. Для дзяцей, дзяцей-інвалідаў, інвалідаў 1-й і 2-й груп пуцёўкі бясплатныя, астатнія аплачваюць частку кошту пуцёўкі ў залежнасці ад памеру даходаў. Таксама абмежавана і магчымасць карыстання льготнымі пуцёўкамі: дзеці, дзеці-інваліды могуць адпачываць штогод, інваліды 1-й і 2-й груп – раз у два гады, непрацуючыя ветэраны працы – раз у тры гады, працуючыя работнікі – раз у чатыры гады.
Зразумела, што кожны жадаючы можа самастойна звязацца з любым санаторыем і забраніраваць адпачынак і аздараўленне самастойна, але ў гэтым выпадку кошт адпачынку вызначае аздараўленчая ўстанова.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
