«Бой двароў. 9 раўнд»
Стала добрай традыцыяй, што ў жніўні на пляцоўцы «Bonfesto» ў Верхнім горадзе ў Шуміліне праходзіць «Бой двароў» – турнір па футболе сярод дваровых каманд.
Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што за дзевяць год гэтыя спаборніцтвы сталі своеасаблівым брэндам шумілінскага масавага футболу. Да нас на спаборніцтвы едуць футбалісты розных узростаў з Віцебска, Полацка, Гарадка. «Бой двароў. 9 раўнд», які прайшоў у мінулыя выхадныя, сабраў рэкордную колькасць каманд – 23. Сёлета ўпершыню ў спаборніцтвах удзельнічалі афрыканскія футбалісты: за полацкую каманду «Градус» гулялі чатыры студэнты з Конга, якія вучацца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце.
«Бой двароў» – гэта непадробленыя эмоцыі, безліч адрэналіну, радасць перамогі і горыч паражэння. Усё гэта было ў кожным матчы ва ўсіх чатырох узроставых групах. Мы любім футбол за галы. А іх на турніры было шмат – камбінацыйных і здалёк, лагічных і выпадковых, з гульні і са стандартаў, карацей кажучы, на любы густ. Нягледзячы на моцныя дажджы, футбалісты паказвалі добрую гульню.
На турніры ўсё было па-сапраўднаму: спаборніцтвы адкрываліся пад Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, капітаны выводзілі свае каманды, арганізатары спаборніцтваў вялі прамыя інтэрнэт-рэпартажы на Ютубе, а пасля матчаў ігракі дзяліліся ўражаннямі ад сустрэчы ў прамым эфіры. І, канечне, у канцы быў традыцыйны торт у выглядзе футбольнага поля.
Вынікі спаборніцтваў:
8-10 год: першае месца – «Форвард-Юні», другое – «Драконы», трэцяе – «Львы» (Шуміліна).
11-13 год: першае месца – «Брыкет», другое – «Мядзведзі», трэцяе – «Дзікія ваўкі».
14-17 год: першае месца – «Львы» (Гарадок), другое – «Самурай», трэцяе – «Фенікс».
18+: першае месца – «Алмаз», другое – «Градус» (Полацк), трэцяе – «Тарнада».
Лепшымі бамбардзірамі сталі Іван Насцюшкін («Форвард-Юні»), Аляксандр Раманюга («Мядзведзі»), Дзмітрый Сазанавец («Самураі»), Цімафей Собалеў («Алмаз»).
Лепшымі галкіперамі турніру прызаны Арсеній Шарыпаў («Форвард-Юні»), Мікіта Новікаў («Дзікія ваўкі»), Арсеній Філіпаў («Львы» (Гарадок)), Павел Барысаў («Тарнада»).
Слова – арганізатарам турніру Максіму і Эдуарду Крыгіным, Аляксею Цімафееву:
– За дапамогу ў арганізацыі спаборніцтваў хочацца падзякаваць раённым грамадскім аб’яднанням «Пагранічнікі Шуміліна» і «Беларускі саюз ваенных маракоў», рок-гурту «Эксперымент-12». Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футболу», фізкультурна-аздараўленчаму цэнтру, Шумілінскаму лясгасу і Раёну газазабеспячэння. Таксама словы ўдзячнасці ўсім суддзям, дзіцячым трэнерам Уладзіславу Траццякову і Сяргею Сахончыку. Дзякуючы такой вялікай і згуртаванай камандзе ў нас усё і атрымалася.
Аляксандр ШЭДЗЬКО

