Шумилинский ГДК смотрит на мир новыми окнами

Культура Новости

Дачакаліся рамонту
Лаўжанскі цэнтр культуры і вольнага часу – адна з лепшых у вобласці ўстаноў культуры, вельмі годна выглядаюць і многія сельскія клубы і Дамы культуры, асабліва ў аграгарадках. А вось Шумілінскі гарадскі Дом культуры з часам згубіў сваю прыгажосць. Пабудаваны па тыпавым праекце ў сярэдзіне 1970-х гадоў, Дом культуры ў той час быў сучаснай і прыгожай установай, дзе працавалі мноства творчых калектываў, гурткоў, праводзіліся масавыя мерапрыемствы, ставіліся сапраўдныя тэатральныя пастаноўкі.
Але час зрабіў сваю справу. Будынак установы культуры састарэў і маральна, і фізічна. Патрабавалася тэрміновая рэканструкцыя. Напэўна, самае лепшае было б правесці капітальны рамонт будынка, змяніць ягоны знешні воблік на больш сучасны, абнавіць і ўнутраняе начынне – інжынерныя сеткі, інтэр’еры, абсталяванне.
“Закрыць ГДК на капітальны рамонт на год-два, пакінуўшы райцэнтр без установы культуры? Такі варыянт нават не разглядаўся, – кажа начальнік аддзела культуры райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук. – Ды і фінансавых выдаткаў на такі рамонт патрабавалася б некалькі мільярдаў. Абнаўленне ўстановы культуры будзе праходзіць паступова, у рэжыме бягучых рамонтаў”.
Пару гадоў таму было заменена “адзенне” сцэны, набыта новае светлавое і гукавое абсталяванне. Пачалі замену інжынерных сетак, у прыватнасці, цеплавых. Абышлося гэта ў 35 мільёнаў рублёў. Але пра энергаэфектыўнасць нельга было весці размову, бо стан акон не даў магчымасці павысіць энергазберажэнне ў плануемых аб’ёмах. Па распараджэнню старшыні райвыканкама было выдзелена 70 мільёнаў рублёў для набыцця 21 сучаснага пластыкавага акна са шклопакетамі, спатрэбілася яшчэ 55 мільёнаў, каб набыць вокны для ўстаноўкі на галоўным фасадзе і 30 мільёнаў для іх устаноўкі. Замена вокнаў дазволіць палепшыць у будынку цеплавы рэжым і стварыць спрыяльныя ўмовы для наведвальнікаў Дома культуры і яго работнікаў, патлумачыў Алег Фёдаравіч.
У планах на будучы год, калі будзе выдзелена дастатковае фінансаванне, – працяг рамонту будынка ГДК: замена астатніх 14 вокнаў, частковы рамонт даху з аднаўленнем сістэмы водаадвядзення, рэканструкцыя казырка над галоўным уваходам. Так што галоўны ачаг культуры Шуміліна з часам набудзе больш прыстойны выгляд звонку і ўнутры, варты звання галоўнага ў раёне Палаца культуры. Ну, а мы, гледачы і наведвальнікі, не пакінем без увагі творчы патэнцыял калектыву Дома культуры, будзем актыўнымі ўдзельнікамі і мастацкай самадзейнасці, і шматлікіх гурткоў, шчырымі і ўдзячнымі гледачамі канцэртаў і спектакляў,  што праходзяць у Шумілінскім ГДК.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №96 ад 04.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *