К профессиональному празднику. Представляем лучших работников обольского участка ПУ «Витебскторф»

Главное Общество Экономика

ВУ  «ВІЦЕБСКТОРФ»:  обальскі  ўчастак  бярэ  накірунак  на  12  тысяч  тон  торфу  за  сезон

Па плане на вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы торфу г. п. Обаль ВУ «Віцебскторф» УП «Віцебскаблгаз» сёлета павінны нарыхтаваць 12 тысяч тон верхавога фрэзернага торфу. На пачатак верасня лічба складае 80% да патрэбнага. Па словах намесніка дырэктара прадпрыемства Міхаіла Азямблоўскага, выканаць план павінны ў самы бліжэйшы час. І гэта нягледзячы на тое, што сёлетняе лета за апошнія трыццаць гадоў было самым складаным з-за дажджоў, зазначаюць ветэраны прадпрыемства. Спраўляюцца дзякуючы працавітаму зладжанаму калектыву з сарака чалавек, надзейнай тэхнікі і сур’ёзнай арганізацыі работ.

Сёлета з Обалі адправілі на рэалізацыю 10 тысяч тон торфу. Ён паехаў не толькі ў гандлёвыя сеткі Беларусі, але і на экспарт – у Расію, Германію, Грузію, Кітай.

МУДРЫ  НАСТАЎНІК

Ганаровай граматай ВУ «Віцебскторф» з нагоды прафесійнага свята ўзнагароджаны машыніст машын Сяргей ЦІХАНЕНКА, які мае званне «Ганаровы ветэран прадпрыемства». Ён працуе на МТЗ‑1221, да тэхнікі падчапляе машыну па ўборцы торфу МПТУ‑30 – едзе па балоце, і сухі торф усмоктваецца ў рэзервуар. Такім чынам за пагодлівы дзень убірае да 100 тон торфу. І так на працягу 21 года – столькі працуе на прадпрыемстве. Сяргей Васільевіч з’яўляецца і настаўнікам для маладых.

 У  АДКАЗЕ  ЗА  РЭЙКІ  І  ШПАЛЫ

Калі спытаць, якая працягласць чыгуначных пуцей ад цэха кіпоўкі да радовішча Сідзень, манцёр пуці Аляксей ПЕРАБЕЙНОС адкажа адразу – 20 кіламетраў. І яшчэ 7 км па балоце. Усе гэтыя чыгуначныя пуці Аляксей рамантуе на працягу 12 гадоў. Важна своечасова памяняць ці адрамантаваць шпалы, сачыць, каб глыбіня каляі адпавядала норме. Ад гэтага залежыць тэхніка бяспекі, а значыць, жыццё і здароўе людзей. За добрасумленную работу Аляксей атрымаў Падзяку УП «Віцебскаблгаз».

 НА  РАДЗІМЕ  ЛЕПШ

Электрагазазваршчык па прафесіі, Тахір АЛІМАЎ раней працаваў у рачным порце ў Віцебску. Але па сямейных абставінах дзесяць гадоў таму вярнуўся на малую радзіму ў Обаль. Уладкаваўся на вытворчасць па здабычы і перапрацоўцы торфу, працуе шчыра і сумленна – сёлета ўзнагароджаны Падзякай ВУ «Віцебскторф». Да Тахіра звяртаюцца машыністы машын з рознымі непаладкамі, і ён рамантуе рамы і соплы “пыласосаў”, прычапное абсталяванне, фрэзы ў варашылках і многае іншае. У дапамогу – электразварачны апарат, спецыяльныя станкі.

 АДДАНАЯ  ПРАФЕСІІ

Мехатронік Вольга СЯНЬКОВА працуе на прэсах для бігболяў – выпускае іх да ста штук за дзень. Яна з тых работнікаў, пра якіх кажуць – адданыя прафесіі. Працуе на прадпрыемстве чвэрць стагоддзя. Вольгу Сянькову ставяць у прыклад як адказнага і сумленнага работніка. За шчырую работу аб’яўлена Падзяка ДВА «Белпаліўгаз».

 АБКОШВАЕ  ПА  50  СОТАК  ЗА  ДЗЕНЬ

Вальшчык лесу Дзяніс ХРАБТОЎ заслужыў, каб яго прозвішча было занесена на Дошку гонару ВУ «Віцебскторф», лічаць на прадпрыемстве. За дзень Дзяніс абкошвае па 50 сотак травы, а таксама распілоўвае пні – рыхтуе дровы для дзвюх кацельняў прадпрыемства. Запас трэба ства рыць немалы – не менш як 180 метраў кубічных.

 АДПРАЎЛЯЕ  Ў  ШЛЯХ  ВАДЗІЦЕЛЯЎ

Прыёмшчыца заказаў Іна ПРЫГУН, якая рупіцца на прадпрыемстве ўжо дваццаць гадоў, кожны дзень адпраўляе механізатараў і вадзіцеляў у шлях. У яе абавязках – весці журнал дыспетчара, а пры неабходнасці выпісваць накладныя вадзіцелям, якія вязуць обальскі торф як на ўнутраны рынак, так і на экспарт. За добрасумленную работу Іна Прыгун узнагароджана Ганаровай граматай ВУ «Віцебскторф».

СПРЫТНЫ   ВАДЗІЦЕЛЬ  ПАГРУЗЧЫКА

Маючы вадзіцельскія правы, Аляксандр ДЗЕРАВЯНЧЫК прыйшоў працаваць на торфапрадпрыемства імя Даўмана ў 2002 годзе, потым вывучыўся на курсах на вадзіцеля пагрузчыка. І зараз ім кіруе спрытна і ўмела, за работу ўзнагароджаны Ганаровай граматай УП «Віцебскаблгаз». Аляксандр за дзень вывозіць з цэха на пляцоўку да 90 бігболяў, кожны з якіх важыць па 800‑1100 кілаграмаў, і загружае ў вялізныя фуры, якія ідуць на экспарт. У жніўні, напрыклад, пагрузіў больш за сорак аўтамабіляў.

Матэрыялы падрыхтавала Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *