Детский дом семейного типа: семья для каждого ребёнка

Актуалии Образование Семья

“Вы не пішыце, што дзеці прыёмныя, яны – усе родныя нам…”
Прывёў словы гаспадыні сядзібы па вуліцы Дабееўскай  у Шуміліне Н. У. Церахавай і ўсплыла ў памяці размова дзвюх жанчын, якія разважалі: “Так не бывае. Сямейная ідылія бывае толькі ў фільмах. Каб чужыя і свае – на адзін шасток? Н-е-е, так не бывае. Свае і ёсць свае…”. А Наталля Уладзіміраўна,  маладая гаспадыня, калі расказваю ёй гэты скептычны дыялог, толькі смяецца. Гаспадар жа, Руслан Ігаравіч, не смяецца, ён сур’ёзна даводзіць: “Бывае, і яшчэ як!”.
Маладым гаспадарам чамусьці верыш. Шчырыя яны людзі, без  усякіх хітрыкаў. А што тут хітраваць, калі ледзь не кожны дзень да іх прыходзяць госці. Па абавязку службы. То ад сацыяльнага абслугоўвання, то адказны работнік аддзела адукацыі райвыканкама, то з СШ № 2, дзе вучацца дзеці Церахавых. Словам, сталі Руслан і Наталля адразу, так сказаць, людзьмі публічнымі. Вось у дзень майго візіту ў сям’ю бліжэй да полудня прыйшлі ад сацыяльнай службы, пацікавіліся, чаго не хапае, што турбуе.
А турбавала да нядаўняга часу сістэма ацяплення дома. Засяліліся яны стала ў асабняк у канцы ліпеня. Часу гаспадару на тое, каб нарыхтаваць сухіх дроў для сваёй кацельні, практычна не было.  А засяліліся, і аказалася: разарвала ў бытавым камбінаваным катле газавую камеру. Вінаваты будаўнікі: не ўсцераглі мінулай зімою, пакуль стаяў дом у чаканні гаспадароў. Завозілі дровы на падворак Церахавых  з аддзела адукацыі, дровы сырыя, вялікага цяпла не давалі.
– За лістапад спалілі тры прычэпы дроў, – гаворыць Руслан. – Гэта яшчэ маразоў не было. А што, калі трэснуць?..
Вядома, сам-насам з бядою дом сямейнага тыпу ўлады не пакінулі. Калі рыхтаваўся артыкул у друк, сустрэў Руслана Церахава, і той пахваліўся:
– Прывезлі новы кацёл. Таксама камбінаваны. Хаця ўсё ж хацелася чыста газавы. Але кажуць, нельга…
Зараз справа, як кажуць, за драбязой: каб падключылі і апрабавалі кацёл газавікі. Так што самую, бадай, балючую праблему знялі. Палягчэе гаспадару, будзе больш часу  пабыць з дзецьмі.
Скажам шчыра, пасадзілі дом на няўдалы пятак. Не прадумалі ў свой час, не адвялі мнагадзетнаму дому прыстойнае месца, каб і маляўнічая мясціна была, і агарод прыстойны. Сёння, на жаль, пра гэта гаворым у рэжыме постфактум. Абяцалі ў райвыканкаме сітуацыю выправіць: за зіму навозяць у балота, што побач з домам, пяску, а вясной завязуць грунт з тым, каб вырошчваў чалавек агародніну, разбіваў фруктовы сад.
Па натуры і Руслан, і Наталля – аптымісты. Абое закончылі адну “акадэмію” ў пасёлку Акцябрскі, атрымалі спецыяльнасць “Гаспадар (гаспадыня) сядзібы”. Так што і рыхтаваць яны абое ўмеюць, і з педагогікай на “ты”, хаця інстытутаў не заканчвалі. Вось нядаўна падключылі сувязісты  пакет паслуг Zala, дык Руслан папрасіў, каб дадалі яшчэ тры дзіцячыя каналы. Гэта штрых, які пра многае гаворыць. І яшчэ – ніколі, прызнаецца Руслан, не ўзяў у рукі папругу. А навошта? Ён з хлопцамі не ваюе, ён сярод іх – старэйшы сябар. Старэйшыя хлапчукі (ім па 12 гадоў) любяць парыцца ў лазні, а сваёй пакуль што няма. І гаспадар купіў ім па шапачцы, купіў дыванчыкі,  садзіць у машыну і – гайда ў Светласельскі, у грамадскую лазню. Але не песцяць дзяцей, не растуць яны беларучкамі. Вядома, сякеру калоць дровы Руслан хлопцам яшчэ не дае – малыя, а вось прыбіраць у сваім пакоі навучылі. І хлопчыкаў, і дзяўчынак.
– Вы не пішыце, што дзеці прыёмныя, яны – усе любыя нам, – папярэджвае мяне Наталля. – Ці паверыце: да ўсіх і я, і Руслан ставімся, як да родных…
Руслан расказвае гісторыю, як сустрэў знаёмага, а той пытаецца, што за дзіця з ім, і Руслан адказвае: “Гэта мой сын”. Адказаў так і ўбачыў, як  адразу пасвятлеў твар хлапчука. А пасля  пераключаемся ў размове на тое, адкуль, чые ў яго дзеці. Ёсць, што ад бацькоў, якія пілі беспрабудна. Руслан разважае: “Няхай, а генетыку, калі, вядома, яна тут “замешана”,  мы перакрыем сваім ладам жыцця”. На стале дзеці не бачаць ні чаркі, ні пляшкі з гарэлкай. У іх іншы культ – культ зычлівасці, дружбы і даверу.  Хлопчыкі між сабой не сварацца, хаця “прыціркі” ёсць. Старэйшая з дзяцей, Кацярына, якая ходзіць у 9 клас, ужо дарослая, рвецца на дыскатэку.  Дазваляюць ёй не заўсёды і не дапазна – нельга. А Каця і сама разумее, што трэба добра вучыцца, каб ажыццявіць сваю мару і паступіць у Аршанскі каледж на правадніцу.
Да канца года ў сям’і на дзяцей пабагацее. У двухпавярховы асабняк прывядуць яшчэ чацвёра дзетак, і тады ў Церахавых будзе іх дзесяцера. Ці не боязна?
– Не, што вы?.. – усміхаецца Наталля і перадае малога  сына на рукі мужу. Той ахвотна падхоплівае яго дужымі рукамі (былы дэсантнік): ён заўсёды дапамагае жонцы.  Ён, акрамя ўсяго,  рыхтуе сняданак, пакуль жонка бавіцца з малымі, корміць школьнікаў, садзіць іх, чацвёра, і вязе на машыне ў школу.
Песціце… – спрабую гаварыць.
– Не згодны, – пярэчыць Руслан. – Няхай   пахваляцца перад равеснікамі, што татка падвёз. А што, хіба дрэнна?..
Я згаджаюся, слухаю разважанні гаспадара. Слухаю, як   без  дакору, быццам між іншым, расказвае ён пра тое, што няма на сядзібе сваёй лазні, не кажучы пра гараж. “Лазню паставім”, – гаворыць цвёрда. Расказвае, што ў іх ёсць свая дача ў Шуміліне, пра тое, што дзеці іх называюць татам ды мамай, пра многае расказвае, і я лаўлю сябе на думцы, што не згасне, па ўсім відаць, у яго з Наталляй распалены  агонь дабрыні да  дзяцей, што будуць яны выводзіць дзетак на жыццёвыя прасцягі дастойнымі людзьмі.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №98 ад 11.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *