І светлы боль, і слёзы радасці…
Чаму так бывае: вайну не захапіў, а — быццам пабываў там? Пабываў сярод партызан ці на перадавой, сярод старых, дзяцей і жанчын, што засталіся пад немцамі ў вёсках і гарадах… Быццам ты — ужо не сённяшні ты, а — учарашні.
Адкуль яно, гэтае пачуццё болю і бязмежнай радасці? Нават праз 67 гадоў пасля тых падзей, пасля таго 9 мая 45-га. Далёкага 45-га, хаця здаецца, што святкавалі перамогу “ўжывую”, у той жа дзень, калі вораг склаў сваю зброю, калі савецкія байцы ашалела палілі ў неба з аўтаматаў і карабінаў…
Такое пачуццё адольвала сённяшнім 9 мая на ўрачыстым мітынгу, які наладзілі ля брацкіх могілак у цэнтральным парку Шуміліна. Краналі словы, набатныя і важкія, нібы крок салдацкага пераможнага маршу, з вуснаў старшыні райвыканкама У. П. Кураннога. Прачула віншаваў ветэранаў, усіх жыхароў Шумілінскага раёна ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі. Падкуплялі шчырасцю прызнанні тым, хто падарыў усім нам мірнае неба, з вуснаў старшыні пярвічнай арганізацыі ГА БРСМ СШ № 1 Марыі Жукавай. “Мінула 67 гадоў, як адгрымела вайна, — успамінае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Д. І. Бандарэнка. — З баямі я дайшоў да Берліна, і мы, ветэраны, можам і павінны несці праўду пра вайну ўсім, хто не перажыў ліхалецця. Няхай заўсёды будзе над Беларуссю мірнае неба…”. І як працяг — ад імя ўдзячных праўнукаў голас дзяўчынкі, і словы гарачыя, як прысак, і ўмольная просьба: “Не гуляйце, хлопчыкі, у вайну!”
Дастойны працяг свята знайшло ў цэнтральным парку, дзе пад воплескі ўдзячных гледачоў сіламі работнікаў культуры праводзілася тэатралізаванае прадстаўленне “І няхай пакаленні памятаюць!”. Народ вірыў (надвор’е, дзякуй Богу, спрыяла ўзнятаму настрою): адны ішлі да палатак райспажыўтаварыства, каб падсілкавацца, другія станавіліся ў чаргу за салодкай ватай, трэція, вядома ж, дзеці, не прамінулі пакаўзацца-паскакаць на гумавых атракцыёнах, пакатацца на поні, чацвёртыя разглядалі стэнды, выстаўленыя музеем, раённай бібліятэкай.
Тут жа былі выкладзены вырабы Дома рамёстваў, свае стравы прапаноўвала “Разынка”, людзі ахвотна смакавалі салдацкую кашу з тушонкай, поліўку. Аб усіх забавах у парку інфармаваў стэнд, які месціўся на ўваходзе. Парадаваў выставай Обальскі керамічны завод, асабліва ўсцешылі пано з выявай герба Шумілінскага раёна.
А ля кафэ “Клякса” прымасціліся мастакі з Цэнтра дзяцей і моладзі. Яны спецыяльнымі фарбамі наносяць дзецям на твар малюнкі. “Гэта бодзі-арт, — падказаў нехта. — І маляваць можна не толькі на твары, і не толькі дзецям…”. У сценах СШ № 1 у шахматы гулялі юныя таленты трэнера М. А. Кузьміна, пазней прыехалі ў госці да дарослых шахматыстаў іх калегі з Ушач. Гуляўся футбольны матч, на летняй танцавальнай пляцоўцы праводзіліся сюжэтна-гульнявыя праграмы, на асфальце дзеці малявалі сюжэты на ваенна-патрыятычную тэматыку.
Вечарам народ пацешыў відовішчны феерверк, дапазна танцавала моладзь…
Свята закончылася. Але няма канца памяці, бясконцым будзе шанаванне герояў Вялікай Айчыннай. Бо гэта для нас катэгорыі неўміручыя.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №37 ад 11.05.2012