27 верасня – Сусветны дзень турызму. Знаёмцеся: начальнік аддзела статыстыкі Шумілінскага раёна Таццяна Лапавухава. Яе жыццёвы прынцып – «Маё жыццё павінна быць яркім. І такім яго магу зрабіць толькі я».

Дзяцінства Таццяны прайшло ў пастаянных падарожжах, бацькі імкнуліся як мага часцей звазіць дзяўчынку ў розныя цікавыя мясціны. У школе (вучылася ў СШ № 2 г. п. Шуміліна) пастаянна ладзіліся экскурсіі. І сёння Таццяна помніць школьныя экскурсіі ў Кіеў, Мінск, Смаленск. «Мяне так прывучылі з дзяцінства, – расказвае Таццяна. – І за гэта вельмі ўдзячна бацькам, школе».
Вучоба, першыя гады замужжа. Па магчымасці спрабуе пабываць у розных мясцінах, хаця б вырвацца на выставу ці прэм’еру спектакля ў горад. Калі сыну Аляксандру споўнілася 6 год, сям’я Лапавухавых выехала на мора ў Крым. Паездка стала сапраўдным сямейным святам. «Муж Вадзім успрыняў паездку на ўра, і яму не хапала падарожжаў, – расказвае жанчына. – Ну, а пра сына і гаварыць не трэба: адны ўражанні і эмоцыі».
З гэтага моманту ў сям’і Лапавухавых усё і закруцілася. Вось яны сям’ёй едуць на экскурсію ў Магілёў і Гродна, Таццяна ў складзе экскурсійнай групы наведвае Ліду, Верхнядзвінск, іншыя беларускія гарады. З дачкой Дашай «дзікунамі» едзе ў Маскву, на тры дні здымаюць кватэру і самі складаюць экскурсійную праграму.

Адметным для сям’і стаў 2023 год. Лапавухавы да гэтага былі перакананы, што Новы год – сямейнае свята, якое адзначаецца дома. Але сяброўка Ірына Кулікава прапанавала сустрэць Новы год сем’ямі ў Санкт-Пецярбургу. І гэты адпачынак стаў феерычным і незабыўным.
Таццяна Лапавухава была ў Швейцарыі і Францыі, але найбольш запомнілася паездка ў Тайланд і Шры-Ланка. Уразілі Таццяну камень-ветразь і абсалютна белы пясок на пляжы, змагла паплаваць з чарапахамі ў моры і пакатацца на сланах.

З Шуміліншчынай Таццяна Лапавухава шчыльна пазнаёмілася дзякуючы раённаму грамадскаму экалагічнаму аб’яднанню «ЭкаБум», куды яе запрасіла Ірына Кулікава. Экалагічныя акцыі і гульні па-новаму адкрылі малую радзіму: азёры ў Слабадзе, непаўторная Пабеда, Вялікі камень. «Калі адкрываеш малую радзіму, адчуванні, што ты дакранаешся да гістарычнай памяці сваіх продкаў, – разважае Таццяна. – Ты разумееш, што менавіта тут жылі твае продкі, і гэта надае сіл». З асаблівай пяшчотай успамінае Таццяна велаакцыю «Начныя ліхтарыкі», падчас якой велааматары шукалі ў вячэрнім Шуміліне велаэкспазіцыі.
Багата планаў у падарожніцы. Ёсць жаданне пабываць у В’етнаме, пахадзіць па вулачках Брэста і адправіцца ў падарожжа па обальскаму балоту.
– Шмат што ведаю пра «Казьянскі». З замілаваннем гляджу фотаздымкі, як турысты ходзяць па балоце. Так хочацца, але рашыцца не магу. Нейкі ўнутраны страх перад балотам. Але абавязкова пайду, калі не сёлета, дык у наступным годзе…
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Сяброўка Ірына Кулікава, дырэктар турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Шумілінскага раёна:
– З Таццянай знаёмы больш за 20 год. Жывём у адным пад’ездзе. Яе галоўная рыса – лёгкая на ўздым. Цікавіцца літаральна ўсім: балет, опера, рок-музыка, хакей ці футбол… Важна тое, што яна сама шукае і знаходзіць, каб жыццё было разнапланавым.

