Рыхтуемся да зімы. На кацельні ў аграгарадку Мішневічы УП ЖКГ гатовы хоць сёння пачаць ацяпляльны сезон – паліва нарыхтавана дастаткова.
За работай мы сустрэлі машыністаў-качагараў Аляксея Дзёміна, Аляксандра Пузырэўскага і Сяргея Тарасава. Яны калолі дровы на цуркі, складвалі іх пад навес. «Дровы нам пастаўляюць цэнтралізавана работнікі Шумілінскага лясгаса і “Віцебсклесу”, – расказала майстар падраздзялення «Сіроцінскае» Вольга Пракоф’ева. – Брыгада вальшчыкаў, якая прыязджае з Шуміліна, распілоўвае бярвенні. Далей бяруцца за справу нашы работнікі».
Да новага ацяпляльнага сезона тут пачалі рыхтавацца яшчэ з вясны: пачысцілі катлы, пафарбавалі засоўкі на цеплавых трубах, адрэгулявалі механізмы – сістэма павінна працаваць без збояў.
Кацельня ў Мішневічах ацяпляе 64 кватэры ў сямі шматпавярховых дамах, будынкі мясцовай школы, сельсавета, пажарнага аварыйна-ратавальнага паста.
Кампетэнтны каментарый
Віктар Лазука, старшы майстар падраздзялення «Сіроцінскае» УП ЖКГ:
– У нашым падпарадкаванні чатыры кацельні – у Слабадзе, Сіроціне, Мішневічах і Сураўнях. Усе яны гатовы да зімы. Што тычыцца кацельні ў Мішневічах, тут нарыхтавана 1130 метраў кубічных дроў, гэтага хопіць на ўвесь ацяпляльны сезон. Мы часткова замянілі цеплатрасу, якая ідзе да мясцовай школы, правялі рамонт дахаў на шматпавярховых дамах (200 кв. м), адрамантавалі міжпанэльныя швы. Паклапаціліся і пра пакой адпачынку – зрабілі касметычны рамонт. Так што нашы людзі будуць жыць у камфортных умовах!
Ларыса ЗАЙЦАВА.

