Добра мець надзейных сяброў і памочнікаў
У аддзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў ТЦСАН у Мішневічах распачаты рамонтныя работы.
Рамонт стаў магчымым дзякуючы спонсарскай дапамозе – кіраўніцтва УП «Віцебскгазбуд» выдзеліла сацыяльнай установе пяць тысяч рублёў. Закуплена плітка армстронг для столі, устанаўліваць якую будзе індывідуальны прадпрымальнік з Віцебска Сяргей Ільюцік і яго работнікі.
Дэмантаж столі на калідоры зроблены сіламі мясцовых работнікаў. Як расказала загадчык аддзялення Вольга Зянькова, качагары Міхаіл Салаўёў, Віктар Александроў і Пётр Шпакаў – майстры на ўсе рукі. Яны і з дрылем працуюць, і з пілой, і ў электрыцы разбіраюцца.
У планах рамонтных работ аддзялення – умацаванне фундамента і афарбоўка фасада. Зноў жа разлічваюць на сілы сваіх мужчын-работнікаў.
Слова – дырэктару ТЦСАН Таццяне ДОНЮШ:
– «Віцебскгазбуд» – не адзіны спонсар аддзялення кругласутачнага знаходжання грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў у Мішневічах. Работнікі ДРБУ-204 нядаўна заасфальтавалі пляцоўку каля харчовага блока. Брыгада ПМК-70 неўзабаве зробіць навес для сушкі бялізны, неабходныя матэрыялы ўжо завезены.
Мы вельмі ўдзячны нашым спонсарам, сябрам і памочнікам за разуменне і падтрымку, за добрыя сэрцы. Наша аддзяленне мае патрэбу ў новай пральнай машыне і машыне для сушкі бялізны, вельмі дарэчы будзе і альтанка. Будзем чакаць нераўнадушных людзей, гатовых дапамагчы.
Зараз у аддзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў ТЦСАН у Мішневічах пражываюць 32 чалавекі з розных населеных пунктаў раёна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

