Праздничная иллюминация в Шумилино

Актуалии Новости

Здание "Белагропромбанка" в Шумилино

Праявіць вынаходлівасць, творчасць і фантазію
Атмасфера навагодніх святаў складаецца з многіх элементаў. Калі наяўнасць снегу і маразоў не залежыць ад людзей, то ўсё астатняе – справа рук чалавека. Менавіта дзякуючы нам, нашы населеныя пункты становяцца больш яркімі і прыгожымі, зіхацяць ілюмінацыяй, прыгожымі ёлкамі на плошчах і ля адміністрацыйных будынкаў.
Напярэдадні навагодняга свята адбыўся рэйд па райцэнтру з мэтай вызначыць арганізацыі і ўстановы, якія паклапаціліся пра стварэнне святочнай атмасферы.
Трэба адзначыць, што больш яркім і прывабным стала афармленне цэнтральных вуліц райцэнтра. Нібы ўязныя вароты ў райцэнтр ззяе светлавая расцяжка з гербам раёна на вуліцы Сіпко, з’явіліся новыя светлавыя пано, гірлянды, якія ўпрыгожылі Шуміліна.
Сёлета многія прадпрыемствы і арганізацыі пастараліся аздобіць свае будынкі больш багатым святочным убранствам, упрыгожыць дрэвы, дадаць святочнай ілюмінацыі да каляровай падсветкі будынкаў. У цэнтры  літаральна ззяе будынак Белаграпрамбанка. Фірменнымі бела-зялёнымі колерамі падсвечаны Беларусбанк, гірлянды ўпрыгожылі і кусты ядлоўцу побач з будынкам. Кожнае з вокнаў Шумілінскай СШ №1 днём уражвае рознымі выцінанкамі, а ноччу свеціцца рознакаляровымі агеньчыкамі. Упрыгожаны каляровай падсветкай і гірляндамі будынак падатковай інспекцыі, пошта, ГДК,  аддзел адукацыі,  цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, бібліятэка, рэдакцыя, КУП БАН. Паклапаціліся пра святочнае светлавое афармленне і гандлёвыя прадпрыемствы: адметна выдзяляецца “Эдэльвейс”, падсвечаны “Эканом”, універмаг-універсам, “Ганна”,  “Скарб”, кафэ “Фартуна” і “Блюз”.
Светлавая ілюмінацыя ёсць не толькі ў цэнтры: ярка ўпрыгожаны фасад паліклінікі ЦРБ, магазін “Паланэз”, будынкі райветстанцыі. Святочны настрой у Светласельскім стварае Светласельскі дзіцячы сад, які аформлены вельмі прыгожа, па сучаснаму, з густам. На вуліцы Юбілейнай прывабліваюць увагу кафэ “Метан” і “Караван”, прыгожа аздоблены будынкі райплемстанцыі, ТЦСАН, ПМК-70.
Светлавымі гірляндамі і падсветкай упрыгожаны адміністрацыйны будынак ДРБУ-204. На вуліцы Луначарскага самы адметны – “Шумілінарайгаз”, будынак якога свеціцца гірляндамі і ліхтарамі, прыгожа падсвечана і тэрыторыя  навокал. У гэтым мікрараёне добра падрыхтаваліся на Новага года ў Доме рамёстваў, падумалі над афармленнем і ў Шумілінскай СШ №2.
У мікрараёне за чыгункай добра ўпрыгожаны будынак лясгаса. Паклапаціліся пра ўбранства свайго будынку ў цэху ААТ “Малако” на участку Полацкага КХП, зіхацяць гірлянды ў вокнах і на фасадах Шумілінскага ПМС, камбіната кааператыўнай прамысловасці, Энергазбыту. Калі пад’ехалі да будынка “Вежы”, нас сустрэла цемра, але дзяжурны вартаўнік хутка здагадаўся пра мэту нашага візіту і ўключыў гірлянды на фасадзе і на ёлцы ля ўваходу, патлумачыў: “Уключаем толькі раніцай і ўвечары, калі ёсць работнікі, а ноччу каму тут свяціць – хіба зайцам толькі”.
Дарэчы, многія шумілінцы таксама ўпрыгожылі гірляндамі вокны сваіх кватэр і дамоў, дапамаглі ствараць свята.
Але не ўсе падышлі да святочнага афармлення творча і з фантазіяй. Некаторыя пайшлі па шляху “абы было”. Вельмі сціпла ўпрыгожаны адміністрацыйны будынак РЭС, напэўна, тут вырашылі аддаць перавагу падстанцыі, якая размешчана ў больш людным месцы. Сціпла сёлета ўпрыгожаны будынкі “Шумілінскага райаграсэрвісу”, “Вітконпрадукта”, ваенкамата, РАУС, аптэк, аўтастанцыі.  Многія гандлёвыя кропкі пашкадавалі на святочнае афармленне грошай. Ніякага светлавога афармлення няма на чыгуначным вакзале (у адным толькі акне магазіна “Дуэт” мільгаюць агеньчыкі гірлянды). Ніводнага агеньчыка няма і ў насенінспекцыі, у многіх прыватных прадпрыемстваў.
Навагоднія святы хутка пройдуць і наперадзе цэлы год, каб падумаць і праявіць творчасць і фантазію ў святочным афармленні на 2014 год.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №1 ад 4.01.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *