«Не ныть, а двигаться вперёд!» – жизненный девиз Станислава Стариковича

Людзі і лёсы Общество

«Не ныць, а рухацца наперад»

Жыццёвы дэвіз Станіслава Адамавіча Старыковіча з Шуміліна Быць шчырым і добрым, уважліва адносіцца да людзей і выконваць свае абяцанні, не завастраць увагу на дрэнным, а заўсёды шукаць у любой сітуацыі пазітыўнае і быць аптымістам – менавіта так стараецца жыць Станіслаў Адамавіч Старыковіч з райцэнтра, які на днях адзначыў шаноўны і прыгожы юбілей – 90 год з дня нараджэння.

– Добры дзень, жанчын заўсёды сустракаю стоячы і прашу руку, каб пацалаваць, – кажа, усміхаючыся і ўстаючы з канапы, Станіслаў Адамавіч. – У любым узросце і пры любых абставінах трэба заставацца джэнтэльменам.

У жыцці Станіслава Старыковіча было нямала выпрабаванняў. У доме, дзе жылі бацькі (вёска Друкава Лёзненскага раёна) у час Вялікай Айчыннай вайны пасяліліся немцы, а праз некаторы час сям’ю (маці, чатырох дзяцей, бабулю) і іншых вяскоўцаў пагрузілі на машыну і павезлі ў лагер ваеннапалонных на Міншчыну. Планавалася, што адтуль пераправяць у Германію, але гэтага зрабіць немцы не паспелі – пачалася аперацыя “Баграціён”. Будучы бежанцамі, сям’я апынулася на Гродзеншчыне, дзе маці працавала ў шпіталі санітаркай, а Станіслаў са старэйшым братам – пастушкамі.

Калі бацька вярнуўся з вайны (быў санінструктарам, паранены пад Ржэвам), сям’я перабралася ў Віцебск, дзе жылі ў падвале – усе ж лепш, чым у зямлянцы (родную вёску немцы спалілі). Пасля школы Станіслаў пайшоў працаваць слесарам, а праз некаторы час паступіў у Віцебскі ветэрынарны інстытут.

Пяць гадоў працаваў на Магілёўшчыне, а ў 1969 годзе сябар паклікаў у Шумілінскі раён. Станіслава Адамавіча прызначылі намеснікам начальніка ветстанцыі. Потым стаў старшынёй кааператыва па штучным асемянені жывёлы – наводзіў парадак у сельгаспрадпрыемствах раёна па ўзнаўленні статкаў.

Расказваючы пра сябе, С. А. Старыковіч сядзеў на канапе і ўвесь час трымаў жонку за руку. Валянціна Афанасьеўна яму богам дадзеная, бо жыве з ёй разам ужо 65-ты год. «Мы адно цэлае, непадзельнае, – кажа Станіслаў Адамавіч. – Гэту прыгажуню-шатэнку я сустрэў на танцах 28 лютага 1960 года. Глянуў на дзяўчыну ў ружовай сукенцы – і прапаў, з таго часу мы не разлучаемся. Гэта маё адзінае зямное каханне. І жывём мы душа ў душу».

Старыковічы выхавалі дзвюх дачок, маюць чацвёра ўнукаў Станіслаў і Валянціна Старыковічы і столькі ж праўнукаў. Абодва актывісты па жыцці, многа гадоў адпрацавалі ў раёне. На першым плане ў іх заўсёды была і ёсць сям’я, клопат адзін аб адным. Можа, за гэта бог і дараваў ім пражыць столькі гадоў разам.

Што тычыцца Станіслава Адамавіча, то яму ў жыцці дапамагае аптымізм, які перадае дзецям і ўнукам. «Не ныць, не складваць рукі, а рухацца наперад, –дае парады С. А. Старыковіч. – У кожнай самай складанай сітуацыі можна знайсці нешта пазітыўнае і арыентавацца на яго. І так заўсёды: не глядзіце на мінусы і недахопы, у жыцці ж ёсць плюсы і добрае, станоўчае, яго і бярыце, каб крочыць па жыцці».

Дададзім, што многія б у сітуацыі Станіслава Адамавіча (тры гады таму страціў зрок) апусцілі б рукі, а ён жыве паўнацэнным жыццём, радуецца кожнаму дню, слухае тэлевізар, размаўляе з галасавым памочнікам Алісай “разумнай калонкі”, мае цудоўную памяць, трымае зносіны з роднымі і знаёмымі. Кажа, што ў яго жыцці многа пазітыўнага, а перш-наперш – гэта яго любячая сям’я. Гэта дочкі, унукі, праўнукі, дзеля якіх трэба жыць і працягваць быць аптымістам.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *