«Батлейка» парадавала прэм’ерай казкі
Узорны лялечны тэатр «Батлейка» напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі прадставіў шумілінскаму гледачу прэм’еру – “Казку пра лянівую ўнучку”.
Раённы Дом рамёстваў распавёў дзецям і іх бацькам павучальную гісторыю пра чараўніцтва, дабрыню, стараннасць і каханне да блізкіх людзей. Маляўнічыя рэалістычныя дэкарацыі, сучаснае музычнае суправаджэнне, яркія героі-лялькі ручной работы стварылі загадкавую атмасферу казкі, дзе свет вобразаў стаў жывым.
Гульня лялечных акцёраў выклікала ў гледача – асабліва ў дзяцей – розныя эмоцыі: здзіўленне, смех, перажыванне і радасць завяршэння гісторыі са шчаслівым канцом.
Па заканчэнні прагляду ў прысутных была ўнікальная магчымасць разгледзець устройства тэатра і нават патрымаць у руках саміх акцёраў-лялек, зрабіць з імі фота на памяць.
Рэжысёр “Казкі пра лянівую ўнучку” Ларыса Аўдошка расказала, што ідэя стварэння пастаноўкі належыць ёй. Сцэнарый яна ўбачыла даўно на прасторах інтэрнэту, аднак увасобіць яго адразу не атрымалася, бо шырма “батлейкі” не змагла б змясціць за сабой 9 герояў. Так перад асноўнай пляцоўкай дзеяння з’явіліся шырмы-дрэвы для жывога дуба і ката. Лялькі для спектакля таксама вырабляліся аўтарам спецыяльна. У асноўным яны былі не тэкстыльная, як звычайна, а ляпныя, зробленыя ў тэхніцы “пап’е-машэ”, ужо больш прыблізныя да прафесійных.
Новых акцёраў пачалі ляпіць ажно ў студзені. Складанасць пап’е-машэ заключаецца ў тым, што шмат часу займае прасушка, пасля яе лялька магла страціць неабходны памер, і трэба было далепліваць кожны раз, пакуль не атрымаецца тое, што патрэбна. Для “Вадзяніка”, у якога па сцэнарыю «у жываце вада бурліць», была зроблена круглая празрыстая сфера-жывот у выглядзе акварыума з вадой і рыбкай, у «Бабы Ягі» былі сучасныя завушніцы-мухаморы, у «Лешага» – нос-галінка. Знешнюю абалонку лялек было задумана зрабіць яркай і добрай, нягледзячы на некаторыя злыя ролі, бо казка разлічана на дзяцей дашкольнага і ранняга школьнага ўзросту. Таму мэта была не напалохаць, а зацікавіць і пасмяшыць.
У чэрвені спектакль дапамог калектыву абараніць і зноў пацвердзіць званне «ўзорнага». Кіраўнік “Казкі пра лянівую ўнучку” ўжо складае план паказу ў дзіцячых садах, на зімовых канікулах – у школьных лагерах, а таксама прадумвае гастрольны тур на раёне.
Дар’я ЧАПУРНОВА.



