На рабочем совещании в райисполкоме

Актуалии Президент

Тэмп трэба браць прама са старту
Рабочую нараду ў райвыканкаме правёў учора першы намеснік старшыні райвыканкама В. В. Родзіч.
Абмеркаванне надзённых пытанняў Віктар Віктаравіч пачаў з даручэння кіраўнікам прадпрыемстваў раёна правесці абарону мерапрыемстваў па выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2013 год. Тэмп трэба браць прама са старту года, каб потым не даганяць, перакананы ён.
В. В. Родзіч нагадаў таксама аб неабходнасці правядзення справаздачных сходаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях з падвядзеннем вынікаў 2012 года, зацвярджэннем планаў на 2013 год, прыняццем калектыўных дагавораў.
Старшыні сельвыканкамаў, якія прысутнічалі на нарадзе, далажылі абстаноўку на падведамасных тэрыторыях. На жаль, назваць яе спакойнай не выходзіць. Калядныя святы азмрочаны пажарам і гібеллю на ім чалавека ў Светласельскім сельсавеце, а таксама суіцыдам у Дабейскім сельсавеце.
Такі пачатак года вельмі насцярожвае. Таму ўжо з сённяшняга дня раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях разам з прадстаўнікамі сельвыканкамаў пачынае аб’езд домаўладанняў найперш адзінокіх, састарэлых грамадзян і тых, хто сваімі паводзінамі запісаў сябе ў групу рызыкі (дарэчы, 75-гадовы мужчына, які загінуў на пажары ў Светасельскім сельсавеце, менавіта з гэтай кагорты).
У полі зроку мясцовай улады і іншыя пытанні: расчыстка дарог, вулічнае асвятленне населеных пунктаў, ачыстка дахаў ад ледзяшоў, гандлёвае абслугоўванне і іншыя.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава выказала занепакоенасць нізкімі паказчыкамі некаторых гаспадарак па закупу малака ад насельніцтва, напрыклад, «АграБаравінка» закуплівае толькі 64% да ўзроўню мінулага года. Ірына Мікалаеўна акрэсліла таксама неабходнасць правесці да 20 студзеня падворныя абходы асабістых падсобных гаспадарак і сабраць неабходныя статыстычныя даныя па наяўнасці жывёлы на падворках.
Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, які ўзначальвае камісію па справах непаўналетніх райвыканкама, запатрабаваў ад старшынь сельвыканкамаў, міліцыі і іншых зацікаўленых структур больш жорсткай работы з абавязанымі асобамі, з праблемнымі падлеткамі, якія не хочуць ні вучыцца, ні працаваць.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №2 ад 09.01.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *