Супрацоўніцтва педагогаў і медыкаў
4 снежня дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Шумілінскай выбарчай акрузе № 52 начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі працаваў у Шумілінскім раёне.
Дэпутат правёў сустрэчу ў СШ № 1 г. п. Шуміліна імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка з кіраўнікамі і педагогамі ўстаноў адукацыі, падчас якой былі абмеркаваны пытанні, якія тычыліся супрацоўніцтва сістэм адукацыі і аховы здароўя Шуміліншчыны. На сустрэчы прысутнічалі начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая і галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч.
Кіраўнік сістэмы аховы здароўя вобласці прапанаваў асноўныя напрамкі сумеснай дзейнасці ўстаноў адукацыі з медыцынскімі ўстановамі па захаванні і ўмацаванні здароўя дзіцячага насельніцтва. Было абмеркавана пытанне практычнага навучання педработнікаў школ і дзіцячых садоў навыкам аказання першай дапамогі.
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая прапанавала вывучыць пытанне па стварэнні ў рамках профільнага навучання медыцынскага класа ў СШ № 1 г. п. Шуміліна. Выпускнікі школ раёна штогод выбіраюць медыцынскія спецыяльнасці і паспяхова паступаюць ва ўніверсітэты і каледжы. Стварэнне профільнага класа дапаможа вучням у прафарыентацыі і асэнсаваным выбары прафесіі, пазнаёміць іх з асновамі медспецыяльнасцей. Міхаіл Вішнявецкі падтрымаў ідэю, прапанаваў прапрацаваць пытанне і выйсці да яго з канкрэтнымі прапановамі.
Пасля сустрэчы ў будынку школы дэпутат правёў асабісты прыём грамадзян. На прыём завітала жыхарка раёна з просьбай аказаць дапамогу ў абследаванні і лячэнні. Дэпутат узяў час на вывучэнне праблемы і адзначыў, што заяўніцы ў бліжэйшыя дні будзе дадзены адказ.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



