Ці можна вярнуць акцыйны тавар?
«Я набыў у магазіне адной вядомай гандлёвай сеткі тавар па акцыі, прыйшоў дадому і ўбачыў, што ў тавары маецца завадскі брак. Вярнуўся ў краму, але прадаўцы мне адмовілі ў абмене тавару ці вяртанні грошай, спаслаўшыся на тое, што тавар быў на акцыі. Ці правамерна гэта?» – пытаецца наш падпісчык Аляксандр.
На пытанне адказвае адвакат юрыдычнай кансультацыі Шумілінскага раёна Наталля СІНКЕВІЧ:
– У выпадку, калі тавар мае які-небудзь недахоп альбо калі ён ужо рамантаваўся, прадавец абавязаны папярэдзіць аб гэтым пакупніка ў вуснай ці пісьмовай форме. Тавар па дадзеным недахопе вярнуць нельга.
У іншых выпадках пры выяўленні недахопу пакупнік мае права на свой выбар запатрабаваць у прадаўца: замены няякаснага тавару таварам належнай якасці; памяншэння пакупной цаны; бясплатнага рамонту; вяртання грашовых сродкаў.
Тавары, якія набыты па акцыі, падлягаюць абмену і вяртанню на агульных падставах. Такім чынам, прадавец не мае права адмовіць у задавальненні патрабавання пакупніка.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

