У камандным заліку шумілінцы ўзялі золата
У мінулую суботу ў спартыўнай зале СДЮШАР прайшоў кубак Віцебскай вобласці і адкрытае першынство Шумілінскага раёна па вавінам в’ет во дао.
У гэты дзень тут было мнагалюдна: толькі ў паядынках удзельнічалі восем каманд, а гэта больш за 100 спартсменаў з Шуміліна, Віцебска, Магілёва, Брэсцкай вобласці. А яшчэ прыйшлі і прыехалі сябры спартсменаў і сваякі, каб патрымаць юніёраў, малодшых кадэтаў, кадэтаў і дарослых. Удзельнікі першынства былі заяўлены ў 5 узроставых катэгорыях і 30 вагавых, паядынкі праходзілі на двух дыванах.
Удзельнікаў спаборніцтваў з розных куткоў Беларусі на ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства вітала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Старшыня ГА «Беларуская федэрацыя вавінам в’ет во дао» Сяргей Шарэнда адзначыў, што з кожным годам спорт у Беларусі набывае ўсё большую папулярнасць, усё больш удзельнікаў далучаюцца да вавінам в’ет во дао – баявога мастацтва сілы, руху наперад, імкнення да ўдасканалення. Сяргей Аляксеевіч уручыў падзякі грамадскага аб’яднання кіраўніку гуртка “Вавінам в’ет во дао” РЦДіМ Святлане Бараноўскай – за шматгадовую працу па падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву Віцебскай вобласці, дырэктару РЦДіМ Наталлі Пятроўскай і дырэктару СДЮШАР Алегу Асташонку за садзейнічанне ў арганізацыі і правядзенні спартыўных спаборніцтваў.
Адразу адзначым, што падобныя спаборніцтвы – гэта прыгожа, захапляльна і відовішчна. Калі на дыван выходзяць самыя маленькія, шасцігодкі, – наогул кранальна. Маленькія па росце і вагою па дваццаць кілаграмаў у кімано і ахоўнай экіпіроўцы, з-пад якіх і не адразу можна распазнаць, дзе хто, юныя спартсмены праяўлялі ўсю сваю сілу, вельмі хутка і спрытна рухаліся на дыване. Была бачна згуртаванасць шумілінцаў, на рынг юніёраў выводзілі старэйшыя спартсмены, яны ж і падтрымлівалі гучнымі воклічамі. Асаблівы рэспект бацькам: многія з іх знайшлі час, каб падтрымаць дзяцей, а пасля рынгу абняць ці па-мужчынску паціснуць руку.
Захапляльнымі былі і паядынкі сярод дарослых. Складаныя прыёмы падчас работы з партнёрамі, адпрацаваная тэхніка ўдараў кулакамі, нагамі, кідкоў і самаабароны раскрывалі прыгажосць баявога мастацтва.
Паядынкі. Адзначым, што шумілінцы на спаборніцтвах былі на вышыні. Толькі першых месцаў заваявалі трынаццаць. Так, у кантактных паядынках перамаглі Павел Талпегін, Расціслаў Асіпкоў, Аляксандр Канагатаў, Марыя Яскевіч, Кірыл Круглікаў, Мілана Крыштон, Максім Маскалькоў, Сяргей Іваненка, Арцём Смірноў, у тэхнічных відах – Павел Талпегін, Кірыл Смірноў, Ксенія Лясняк, Кірыл Круглікаў. Шумілінцы атрымалі 13 медалёў за другія месцы, 9 – за трэція.

У камандным заліку шумілінская каманда ўзяла золата, серабро – каманда Брэсцкай вобласці, бронзу – Віцебскае кадэцкае вучылішча.
Тэхнічныя віды. У катэгорыі “Тэхнічны віды” перамагла каманда СДЮШАР “Дынама” з Віцебска, другое месца – у Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі, трэцяе – у каманды з Шуміліна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.







