Шумилинщина — дачный рай. Гришаны — место покоя и тихого счастья

2025 - Год благоустройства Главное Край шумілінскі Мир увлечений

Грышаны:  месца спакою і ціхага шчасця

Удалечыні ад горада з яго штодзённай мітусянінай і гулам транспарту, паміж лясоў і палеткаў раскінулася невялікая вёска Грышаны – утульны і прыгожы куток на карце нашага раёна, дзе працякае рэчка Заронаўка і знаходзіцца вядомае Заронаўскае возера.

Асабліва прыгожа тут летам – вакол зялёныя палеткі, палявыя кветкі, раніцай – непаўторныя світанкі, увечары – шыкоўныя заходы сонца. Тут прачынаешся не пад гукі будзільніка ў мабільным тэлефоне, а пад незабыўны спеў птушак і яркія прамяні сонца. Многія дачнікі аблюбавалі Грышаны.

У першыя снежаньскія дні мы пабывалі ў Грышанах – тут пануе атмасфера спакою і размеранага жыцця. Звілістая прасёлачная грунтавая дарога па адзінай Рачной вуліцы шэрай стужкай вядзе да кожнага дома. Усяго іх тут 19, і ў кожны на лета прыязджаюць дачнікі. Зарэгістравана ў вёсцы толькі адна жыхарка – Вера Іванаўна Шчалкунова. Яна жыве ў бацькоўскім доме і кажа, што вельмі любіць вёску і спадзяецца, што ў бліжэйшы час яна пабагацее на новых дачнікаў.

«З новым мостам, якія ўрачыста адкрылі ў першы дзень зімы, мы ажылі, – кажа жанчына. – Цяпер у нас надзейная сувязь са светам. Да моста добры пад’езд, дарогу ў вёсцы падсыпалі і прагрэйдзіравалі. Аўталаўка і паштовая машына два разы на тыдзень даязджаюць да самай апошняй хаты, рэгулярна наведваецца і мабільны ФАП. Дачнікі ў нас прыстойныя, працавітыя, даглядаюць свае сядзібы. Многія набылі сабе тут дамы, некаторыя ўзвялі самі.

Сярод дачнікаў ёсць людзі працаздольнага ўзросту – урачы, работнікі праваахоўных органаў, індывідуальныя прадпрымальнікі і, вядома, пенсіянеры. Усе яны з Віцебска».

І што цікавае – большасць дачнікаў выключна гарадскія жыхары. Купілі ў Грышанах дачы таму, што вёска блізка ад горада, ёсць возера і рэчка, лес непадалёк.

«Забываюць пра мабільнікі – і за гэта дзякуй вёсцы»

Дачнікі ў Грышанах жывуць у асноўным летам. Некаторыя наведваюцца і зімой у выхадныя дні ці на святы. Ёсць і такія, што жывуць тут пастаянна. Як, напрыклад, Юрый Сачнёў.

«Па стане здароўя мне лепш у вёсцы, чым у горадзе, – кажа Юрый Васільевіч. – Дом купілі ў мінулым годзе, зрабілі рамонт. Правялі электраацяпленне, што вельмі зручна. Дзеці прыязджаюць з Віцебска, праводзяць у вёсцы ўсе выхадныя. Мы ўсе палюбілі Грышаны. Тут час ідзе марудней і дорыць кожнаму асаблівую каштоўнасць. А калі прыязджаюць дзеці ці ўнукі, яны забываюць пра мабільнікі – і за гэта дзякуй вёсцы. Ну, а госці, едучы з Грышаноў, вязуць з сабой салодкія ўспаміны пра месца спакою і ціхага шчасця».

«Грышаны для мяне – проста знаходка»

У вёсцы розныя дамы. Ёсць з бярвення – так мовіць, звычайныя сялянскія, адны абабіты дошкамі і пафарбаваныя, другія – сайдынгам. Адзін з самых прыгожых дамоў – у Аляксандра Круганава з абласнога цэнтра. Ён расказаў, што аблюбаваў Грышаны даўно, а купіў тут участак на беразе возера ў 2018 годзе. Пабудаваў двухпавярховы дом, усталяваў пелетны кацёл з аўтаматычнай падачай паліва. Прыязджае на выхадныя з Віцебска – а ў доме цёпла. Пабудаваў лазню, гаспадарчую пабудову, абгарадзіў сядзібу металапрофілем, паставіў відэаназіранне.

«Я рыбак і паляўнічы, таму Грышаны для мяне – проста знаходка, – прадоўжыў Аляксандр Мікалаевіч. – Вясной устанаўліваю пантонны пірс, кожны сезон выязджаю на лодцы на возера. Тут добры лоў. Самы вялікі шчупак важыў больш за восем кілаграмаў. Заронаўскае возера славіцца вялікімі акунямі – некаторыя экзэмпляры дасягаюць паўтара кілаграма. Водзяцца тут ляшчы, плоткі, судакі, ліні, язі. Грышаны – гэта прастора, чыстае паветра і здароўе. Суседзі наводдаль, ніхто нікому не перашкаджае. Дагэтуль вёска не разраслася толькі таму, што быў стары драўляны мост. Думаю, цяпер тут пачнецца новае жыццё».

Аляксандр Круганаў расказаў, што часта бывае ў лесе, які багаты на ягады і грыбы, а таксама на звяроў. І зараз ён палюе на капытных звяроў, а круглы год – на драпежных (адных толькі ліс знішчае па трыццаць і больш).

Колькі ўчасткаў  ёсць на продаж?

«У Грышанах можна купіць участкі для будаўніцтва па больш спрошчанай працэдуры, без аўкцыёну, – паведаміла начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Ксенія Рэшатава. – На сённяшні дзень падрыхтавана 5 участкаў з кадастравымі нумарамі.

У продажы – тры ўчасткі па 25 сотак коштам 2700 рублёў, адзін участак 20 сотак коштам 2160 рублёў, яшчэ адзін (9 сотак) – 972 рублі. На 1 снежня былі ў наяўнасці яшчэ тры ўчасткі, дзе патрабуецца ўстанаўленне межаў. На днях з’явіўся прэтэндэнт з абласнога цэнтра».

Ларыса ЗАЙЦАВА.

ЦІКАВЫЯ  ФАКТЫ  ПРА  ГРЫШАНЫ

Апошні дом купілі ў вёсцы ў мінулым годзе, больш хат на продаж няма.

У вёсцы ёсць некалькі калодзежаў. Дачнікі капаюць уласныя свідравіны і праводзяць ваду ў дом.

У вёсцы адно гняздо буслоў, дзе кожны год селяцца птушкі.

Найбольшая глыбіня Заронаўскага возера – 13 метраў, па даўжыні яно 7,6 км, па шырыні – 1,05 км. На супрацьлеглым беразе – сасновы бор. На возеры ёсць 5 астравоў розных памераў.

Самы сталы дачнік размяняў восьмы дзясятак, самаму маладому – 40 гадоў.

Летам у Грышаны прыязджаюць на дачы каля трыццаці чалавек.

Многія дачы купілі ці пабудавалі для адпачынку і рыбалкі. Хаця некаторыя трымаюць і парнікі для гародніны, саджаюць і бульбу.

Ад Віцебска да Грышаноў – 35 кіламетраў, ад Шуміліна –15 км, ад аграгарадка Слабада і ад Грабніцы, дзе прыпыняюцца рэйсавыя аўтобусы, – 4,5 км.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *