Трыумф каманднага духу
У пятніцу, 12 снежня, у Шумілінскай СДЮШАР адбылося ўрачыстае закрыццё спартакіяды работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый Шумілінскага раёна.
Апошнім відам спартакіяды стала перацягванне каната. Гэта была яркая і відовішчная кропка спаборніцтваў. Каманды-ўдзельніцы паказалі камандны дух і прагу да перамогі. Перамаглі ў перацягванні каната асілкі з Раёна газазабеспячэння, другое месца ў каманды райвыканкама, трэцяе – у Шумілінскага філіяла Верхнядзвінскага масласырзавода.
Пасля прайшло ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў спартакіяды ў асобных відах спартакіяды. Медалі, дыпломы і кубкі ўручалі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сініцкая, галоўны спецыяліст райвыканкама Дзяніс Пячко, дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Вольга Пусянкова.

Раён газазабеспячэння у трэці раз запар выйграў раённую спартакіяду, каманда атрымала галоўны кубак і пераходзячы прыз – керамічнае медзведзяня. Другое месца заваявала каманда Шумілінскай СДЮШАР, трэцяе – Шумілінскі філіял Верхнядзвінскага масласырзавода.


Асаблівую атмасферу спартыўнаму святу надалі яркія музычныя нумары артыстаў раённага цэнтра культуры: яны зрабілі фінал спартакіяды эфектным і запамінальным.
СЛОВА – УДЗЕЛЬНІКАМ:
Юрый ВОЛКАЎ (капітан каманды Раёна газазабеспячэння):
– Вельмі рады, што нам зноў удалося перамагчы. У нас сапраўдная каманда, згуртаваная і мэтанакіраваная. Адны максімальна выкладваліся на спаборніцтвах, другія – гучна і моцна падтрымлівалі на трыбунах. Мы былі адзіныя ў жаданні перамагчы.
Валянціна ХОДЗЮШ (Шумілінская СДЮШАР):
– У спартакіядзе ўдзельнічала ўпершыню. Вельмі спадабалася сяброўская атмасфера, якая панавала падчас спаборніцтваў. Нягледзячы на тое, што ў спартшколе невялікі калектыў, мы даказалі, што здатныя на многае.
Васіль СЕРАФІМОВІЧ (капітан каманды Шумілінскага філіяла Верхнядзвінскага масласырзавода):
– У спартакіядзе наша прадпрыемства ўдзельнічала другі раз. Мы ўлічылі памылкі мінулагодніх выступленняў, былі нацэлены на максімальны вынік. Трэцяе месца стала добрай нагодай для радасці і далейшага росту.
Руслан МАТВЕЙЧУК (райвыканкам):
– Спартакіяда ўдалася. Спорт аб’ядноўвае людзей розных узростаў і прафесій. Так было і ў нас. Многія прыходзілі на спаборніцтвы не дзеля асабістых перамог, а каб сустрэцца з сябрамі, адчуць асаблівую спартыўную атмасферу. І гэта, напэўна, самы галоўны вынік.
Лізавета ВАЛЧКОВА (СШ № 2 г. п. Шуміліна):
– Кожны мог праявіць сябе на спартакіядзе. Мы калектывам не змаглі заявіцца ва ўсе віды спартакіяды, але смак перамогі адчулі: трапілі ў прызавую тройку ў стральбе з пнеўматычнай зброі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.




