Гражданская инициатива. Глянуть на Козьянщину с высоты птичьего полёта

Новости Спорт, туризм Экология

Паглядзець на Казьяншчыну  з вышыні птушынага палёту

Сёлета ў Шумілінскім раёне рэалізоўвалі дзве грамадзянскія ініцыятывы, накіраваныя на развіццё турыстычнага патэнцыялу рэгіёна: было праведзена добраўпарадкаванне помніка прыроды «Вялікі камень» і ўзведзена аглядавая вышка на тэрыторыі заказніка «Казьянскі». Рэалізацыя гэтых ініцыятыў праходзіла за кошт абласнога бюджэту.

Экскурсіі па некранутых прыродных ландшафтах зараз карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў жыхароў гарадоў, якім надакучыла камфортнае, але сумнае гарадское жыццё. І вось адны, адарваўшыся ад манітораў камп’ютараў, пры гэтым прыхапіўшы свае смартфоны (каб адлюстраваць сябе на фоне прыроднай прыгажосці і абавязкова выкласці ў сацсеткі), адпраўляюцца па прыгожых мясцінах Беларусі. Другім падабаюцца падарожжы, і яны адкрываюць для сябе маляўнічыя куткі роднай краіны. Трэція выпрабоўваюць свае здольнасці і магчымасці ў экстрэмальных умовах. Дзякуючы гэтаму попыту мінскія і віцебскія фірмы арганізоўваюць экскурсіі ў Казьянскі заказнік, для жадаючых пазнаёміцца з адным з запаведных куточкаў нашай краіны – Обальскім балотам, дзе можна палюбавацца “марсіянскім” пейзажам з соцень дробных азёр у сэрцы балота, пабачыць “чырванакніжныя” ўнікальныя расліны і птушак, прайсці па багне, якая прагінаецца пад нагамі.

Дырэктар дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Рэспубліканскі заказнік “Казьянскі” Аляксандр Дабравольскі расказаў, што ў заказніку распрацаваны 5 маршрутаў у рамках праекта “Обальскае балота – жамчужына Казьянскага краю”. “Маршруты рознай працягласці і складанасці пракладзены так, каб прадэманстраваць турыстам усю прыгажосць і прыроднае багацце казьянскіх лясоў і Обальскага балота, – адзначыў Аляксандр Юльевіч. – Таксама наша ўстанова аказвае паслугі па пракаце турысцкага абсталявання (палаткі, рукзакі, спальныя мяшкі, ратавальныя камізэлькі).

Каб прадаставіць турыстам магчымасць дакрануцца да прыроды, паглядзець на лясы і балота з вышыні птушынага палёту, і пабудавана дзесяціметровая аглядавая вышка. Яна ўзведзена каля вёсцы Вішня, праз якую праходзіць некалькі маршрутаў. У добрае надвор’е з дапамогай бінокля можна разгледзець практычна ўсё балота, у тым ліку балотныя азёры, месцы гнездавання птушак і іншае”.

Кіраўнік заказніка падзяліўся планамі па добраўпарадкаванні падходу да вышкі на наступны год. Таксама пры выдзяленні фінансаў мяркуюць уладкаваць гаці-насцілы ў месцах, якія складана прайсці. “Калі ў папярэднія гады лета было сухое і турысты адносна лёгка маглі праходзіць па большасці маршрутаў, то сёлета, калі дажджы ўзнялі ўзровень вады ў балоце, многія маршруты аказаліся падтопленымі і цяжка даступнымі”, – падзяліўся Аляксандр Юльевіч. І сапраўды, у падножжа вышкі, дзе заканчваюцца ці пачынаюцца некалькі маршрутаў, уваход у балота затоплены вадой. Таксама падтоплены ўваход і на другі маршрут ад вёскі Расалай. Магчыма, зацікаўленым бакам трэба вывучыць вопыт іншых падобных месцаў, дзе для турыстаў, якія хочуць паглядзець на балотныя цуды, але не гатовыя да экстрэмальных падарожжаў, уладкаваныя драўляныя сцяжынкі і аглядавыя пляцоўкі. Так, напрыклад, у заказніку “Ельня” пабудавана экалагічная сцежка даўжынёй 1,5 кіламетра, якая з аднаго боку стварае камфортныя ўмовы для экскурсантаў, а з другога – абараняе балотную расліннасць ад вытоптвання і пашкоджання людзьмі.

Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі (і, адпаведна, рэгіёнаў) на 2026-2030 гады прадугледжвае значнае павелічэнне ўкладу турызму ў эканоміку краіны. Але без развіцця турыстычнай інфраструктуры прывабіць турыстаў, як сваіх, так і замежных, немагчыма. Рэалізацыя грамадзянскай ініцыятывы – узвядзенне аглядавай вышкі – гэта першы крок да павелічэння цікаўнасці да Обальскага балота, які павінен  стаць штуршком для стварэння прывабных умоў для турыстаў у Казьянскім заказніку.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *