«АСНОВА НАШАЙ ПРАЦЫ – НАДЗЕЙНАСЦЬ І БЯСПЕКА»
Напярэдадні Дня энергетыка ў калектыве Раёна электрычных сетак работа не спыняецца і не сціхае. Восень і зіма – час найбольшай нагрузкі на сістэму і, адпаведна, павышанай гатоўнасці тых, хто яе абслугоўвае.
«Наша задача – не проста ліквідаваць аварыі, а прадухіліць іх, – адзначае начальнік РЭС Уладзімір Волкаў. – Мы аналізуем вынікі мінулага сезона і фарміруем план на наступны год. Аснова нашай працы – бяспека і надзейнасць».
Гэты год стаў для калектыва паспяховым. Працягваецца рэканструкцыя электрычных сетак: у вёсках Станіславова і Крыцкія заменена 1,4 км ліній, устаноўлены дзве новыя трансфарматарныя падстанцыі, у Крупчыне пабудавана 0,4 км электраліній.
«Сваімі сіламі замянілі 1,2 км правадоў у Язвіне, – працягвае Уладзімір Волкаў. – Дарэчы, за тры апошнія гады мы замянілі ўсе электралініі, а гэта 6,1 км, у гэтай вёсцы». Быў заменены падземны кабель 10 кВ ад паварота на Лескавічы да трансфарматарнай падстанцыі каля Шумілінскай ЦРБ, на адрэзку 6,1 км паветраных ліній 10 кВ вёсак Мікалаеўскага сельсавета заменены старыя правады на ізаляваныя для паляпшэння якасці забяспячэння электраэнергіяй.
Мадэрнізацыя сетак адкрыла новыя магчымасці для жыхароў: усяго за апошнія гады тэхнічных умоў на электраацяпленне выдадзена 502. За гэты год у РЭС выдалі 164 тэхнічныя ўмовы на падключэнне электраацяплення.
Маштабная замена вулічных свяцільнікаў на святлодыёдныя, якая завяршылася сёлета (1894 адзінак), – гэта не толькі эканомія, але і новы ўзровень якасці асвятлення двароў і вуліц.
Уладзімір Волкаў падкрэслівае, што погляд калектыва ўжо накіраваны ў будучыню. У першую чаргу гэта тычыцца далейшай рэканструкцыі электрасетак. Плануецца, што паветраныя лініі будуць рэканструявацца ва Улазавічах, Каравайніцы, Філіпенках, Крупчыне, Ужляціне і Сураўнях. «Планы на наступны год вялікія, – кажа кіраўнік прадпрыемства. – Ёсць упэўненасць, што нашаму калектыву такія задачы рэалізавацць па сілах».
ЗЛАДЖАНАЯ БРЫГАДА «АДНАГО АКНА»
У сістэме энергетычнай інфраструктуры ёсць падраздзяленні, чыя работа бачная толькі тады, калі ўзнікаюць праблемы. Адной з такіх структур з’яўляецца брыгада «аднаго акна» і вулічнага асвятлення, касцяк якой складаюць вопытныя электрыкі пад кіраўніцтвам майстра Дзмітрыя Шчарбакова. Майстар валодае не толькі тэхнічнымі ведамі, але і здольнасцю аптымальна арганізоўваць працоўны працэс падначаленых. Яго задачай з’яўляецца размеркаванне заданняў, планаванне работ, а таксама кантроль за дакладнасцю выканання.
Электраманцёры высокага прафесійнага разраду Віктар Марудаў і Уладзімір Гапоненка маюць універсальныя навыкі, якія дазваляюць хутка пераключацца паміж рознымі тыпамі задач.
Важную падтрымку ажыццяўляе вадзіцель-электраманцёр Генадзь Карапузаў. Ён не толькі адказвае за эксплуатацыю спецыялізаванай тэхнікі, але і непасрэдна пры неабходнасці ўдзельнічае ў рамонтных работах. Гэта дазваляе брыгадзе максімальна эфектыўна выкарыстоўваць час і рэсурсы.
Асобнае месца займае праграма падрыхтоўкі маладых кадраў. У камандзе працуе малады майстар Дзмітрый Клачок. Ён назірае за дзеяннямі вопытных калег, бярэ ўдзел у падрыхтоўчых работах, вывучае нарматыўную дакументацыю і праводзіць разлікі пад наглядам настаўніка.
ШТОДЗЁННЫ МАРШРУТ ДА СВЯТЛА
У штодзённай рабоце Раёна электрычных сетак, акрамя току і напружання, ёсць яшчэ адзін вельмі важны кампанент – транспарт. Менавіта ён забяспечвае хуткае перамяшчэнне брыгад, дастаўку абсталявання і вырашэнне экстранных аварыйных задач.
У распараджэнні РЭС – 15 адзінак тэхнікі. Гэта і спецыялізаваныя аўтамабілі, і грузавы транспарт, і трактары. Кожная машына – не проста сродак перамяшчэння, а працоўны інструмент, ад якога часта залежыць хуткасць ліквідацыі парушэнняў у забеспячэнні жыхароў раёна электрычнасцю. Адказвае за тэхнічную гатоўнасць усіх гэтых «работнікаў на колах» майстар па рамонце транспарту Дзмітрый Бяляеў. Яго задача – каб любая машына ў любы момант была гатова выехаць на аб’ект.
Асноўная сіла любога аўтапарка – вадзіцелі. У Шумілінскім РЭС за рулём працуюць сапраўдныя асы. Аляксандр Пастарнакоў, Андрэй Лабачоў і Віталь Дубко – вадзіцелі са шматгадовым вопытам. Мясцовыя дарогі, пад’езды да трансфарматарных падстанцый, цяжкапраходныя ўчасткі – для іх не існуе перашкод. Яны не проста ведаюць свой аўтамабіль, яны адчуваюць яго.
Трактарыст Іван Вінаградаў адказвае за праходжанне там, дзе звычайны аўтамабіль не праедзе. Зімовыя намёты, размытыя пад’езды, неабходнасць падвезці груз па-за дарогамі – гэта яго работа. Без яго майстэрства і тэхнічных ведаў у многіх сітуацыях брыгадам прыйшлося б значна цяжэй.
Дысцыпліна, адказнасць і прафесіяналізм вадзіцеляў Шумілінскага РЭС – гэта той самы фундамент, на якім трымаецца аператыўная работа ўсёй энергасістэмы раёна.
ШТАБ «ХУТКАЙ ДАПАМОГІ» РЭС
Калі над раёнам грыміць навальніца або лютая завея ламае лініі электраперадач, будзённая праца работнікаў РЭС ператвараецца ў бітву з сіламі стыхіі. Раённая дыспетчарская служба электрасетак – сапраўдны штаб «хуткай дапамогі», які ні на хвіліну не спыняе свой рытм работы. Так, у звычайныя дні за суткі можа быць каля 5 выклікаў, а ў непагадзь, як, напрыклад, 9 чэрвеня, колькасць званкоў дайшла да 93.
Работай па ліквідацыі аварый кіруе начальнік службы Шумілінскага РЭС Сяргей Міляк. Яго задача – прааналізаваць сітуацыю, прыняць рашэнне і забяспечыць агульны кантроль. «Мы працуем па схеме вызначыць, накіраваць, аднавіць. Хуткасць і бяспека – нашы галоўныя прынцыпы», – тлумачыць ён.
Функцыі вушэй і вачэй службы выконваюць дыспетчары Валерый Шалабнёў і Андрэй Германаў. Яны знаходзяцца на пастаяннай сувязі, адсочваюць стан сетак на экранах, прымаюць званкі ад жыхароў і каардынуюць дзеянні брыгад на месцах.
Асноўная сіла – дзве аварыйна-выязныя брыгады, якія працуюць у зменным рэжыме. У іх задачы ўваходзіць пошук пашкоджання, рамонт на лініях 0,4 і 10 кВ і хуткае ўзнаўленне падачы электрычнасці. Падчас нашага прыезду на дзяжурстве быў электраманцёр аператыўна-выязной брыгады Сяргей Хмарын. «Нам важна ведаць кожны слуп, кожны камутацыйны апарат на ўчастку, – кажа Сяргей. – Калі адбываецца здарэнне, мы павінны дзейнічаць як адзіны механізм. І аднавіць святло ў максімальна кароткія тэрміны. Справіцца з пастаўленай задачай дапамагаюць практыка, адказнасць і разуменне важнасці тваёй работы».
Работа службы РЭС пабудавана на дакладным алгарытме, прафесіяналізме кожнага супрацоўніка і ўзаемадзеянні і ўзаемаразуменні паміж дыспетчарамі і аператыўна-выязнымі брыгадамі.




