К Дню спасателя

Актуалии Общество

С. Н. Боровиков

Прыняць правільнае рашэнне ў надзвычайных сітуацыях
Заўсёды думаю, што тыя, хто працуе ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях, людзі асаблівыя. Яны адрозніваюцца ад іншых перш за ўсё сваёй мужнасцю і непахіснасцю, уменнем не разгубіцца, хутка арыентавацца ў экстрэмальных сітуацыях. І начальнік каравула № 3 Сяргей Мікалаевіч Баравікоў лічыць, што галоўнае для выратавальніка – гэта вытрымка і моцнасць духу. Не кожны зможа тушыць пажар у абледзянелым зімою спецадзенні, не кожны пераадолее страх і справіцца з сабой, са сваімі эмоцыямі і перажываннямі ў час надзвычайных сітуацый.
Дарэчы, сёлетні год для С. М. Баравікова юбілейны – дваццаць гадоў работы ў райаддзеле. Шумілінскі хлопец, ён адразу пасля тэрміновай службы ў арміі ўладкаваўся служыць у РАНС. Спачатку быў камандзірам аддзялення, а трынаццаць апошніх гадоў узначальвае каравул. У ягоным падпарадкаванні сем чалавек. Прыняць змену, праверыць баявую тэхніку, дакументацыю, правесці спецзаняткі і фізічную падрыхтоўку – гэта прывычная работа начальніка каравула.
Акрамя гэтага, С. М. Баравікоў выязджае на ўсе пажары і надзвычайныя сітуацыі. “Вядома, больш за ўсё хочацца, каб падчас пажараў у агні не знаходзіліся людзі, – кажа Сяргей Мікалаевіч. – На жаль, так бывае не заўсёды. І запамінаюцца менавіта такія выпадкі, калі ўдаецца выратаваць чалавеку жыццё. Напрыклад, у мінулым годзе а другой гадзіне ночы тушылі пажар у кватэры адной з шумілінскіх  шматпавярховак. У дыме знайшлі гаспадыню кватэры і яе пляменніка. Калі б не пільныя суседзі, якія патэлефанавалі да нас у дыспетчарскую, гэтыя людзі загінулі б у агні”.
Дарэчы, па выніках мінулага года каравул №3, які ўзначальвае С. М. Баравікоў, прызнаны лепшым – выратавалі на пажарах шэсць чалавек. “Зразумела, заслуга ў гэтым ўсяго каравулу, гэта надзейная згуртаваная каманда, – кажа намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях В. Г. Усцюгоў. – Але ж заслуга начальніка каравула  – першачарговая.  С. М. Баравікоў вопытны выратавальнік,  умее прыняць правільнае рашэнне ў надзвычайных сітуацыях.”
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №5 ад 17.01.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *