Свята – сваімі рукамі
Прайсці міма сядзібы Віктара і Святланы НІКУЛЕНКАЎ з аграгарадка Башні, не спыніўшыся, проста немагчыма. На іх доме Дзед Мароз “лезе ў акно”, на варотах – ёлачны навагодні вянок, а тры туі каля агароджы пераўвасобіліся ў Дзедаў Марозаў. Адчуваецца тут фантазія гаспадароў плюс жаданне і ўмелыя рукі.
Але на гэтым прыгажосць не заканчваецца. На двары Віктар Аляксандравіч зрабіў прыгожую альтанку, шырокі драўляны стол, лаўкі і табурэткі. Матэрыял купіў, астатняе – справа ўмелых рук, якія спрытна абыходзяцца са зварачным апаратам, дрылем, перфаратарам. Неўзабаве на альтанцы з’явіліся шторы, а зусім нядаўна побач пасяліліся гномы з яловага вецця. Шапкі пашыла жонка, а на бараду пайшоў чарот. Побач з альтанкай двор упрыгожваюць габіёны (металічныя сеткавыя канструкцыі, запоўненыя камянямі), пасярод якіх таксама «расце» галінкі сасны. З другога боку альтанкі – самаробны алень з дроту.
«Я ў маляванні не вельмі моцны, праект дапамагла зрабіць Святлана, – расказаў Віктар. – Яна на прасціне намалявала аленя неабходнага памеру. Яго я і ўвасобіў у жыццё, зрабіў аб’ёмным з дроту. Вакол упрыгожылі гірляндай – у цёмны час архітэктурная форма вельмі ўпрыгожвае двор».
Віктар Нікуленка дадаў, што, упрыгожваючы тэрыторыю каля дома да навагодніх святаў, нібыта на хвіліну вярнуўся ў дзяцінства. Да таго ж, хочацца парадаваць сваіх родных. Сёлета да Нікуленкаў сустракаць Новы год прыедуць дачка Вераніка з мужам Аляксандрам і маленькі ўнучак Цімафей. Яму яшчэ дзевяць месяцаў, але прыгожае ён разумее.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

