«Акцэнт – на ўласную беларускую прадукцыю»
Дэлегаты VII Усебеларускага народнага сходу працягваюць сустракацца з працоўнымі калектывамі, расказваць пра значнасць гэтай падзеі і тыя задачы, якія стаяць перад краінай. Дэпутат Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў, ветурач ТАА «Вітконпрадукт» Ларыса Ціханенка сустрэлася з работнікамі райветстанцыі.
«Асабліва прадметна і канкрэтна прагучала на пасяджэнні УНС тэма развіцця аграпрамысловага комплексу, – адзначыла Ларыса Ісаеўна. – Гаварылі не толькі аб поспехах, але і аб тым, як пазбегнуць праблем. Лічу правільным, што быў зроблены акцэнт на ўласную беларускую прадукцыю, на развіццё ўласнай селекцыі і сістэму насенняводства.
У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады аграпрамысловы комплекс разглядаецца сістэмна, са зніжэннем залежнасці ад імпартных рэсурсаў. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, каб вытворчасць прадуктаў харчавання ў нашай краіне і надалей была прыбытковай».
Ларыса Ісаеўна спынілася на асноўных палажэннях Паслання Прэзідэнта краіны і адзначыла, што гэта была размова па сутнасці, без абстрактных фармуліровак, таму і час праляцеў цікава і незаўважна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.


