Сессия районного Совета депутатов. «Задачи определены. Резервы есть. Успех зависит от нас!»

Власть Главное Новости

«Задачы вызначаны. Рэзервы ёсць.  Поспех залежыць ад нас!»

30 снежня пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Руслана Матвейчука прайшло пасяджэнне сесіі Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў 29 склікання, на якой па традыцыі перад дэпутатамі выступіў старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч са справаздачай аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2025 год і агучыў планы на 2026 год.

«Работа райвыканкама ва ўзаемадзеянні з дэпутацкім корпусам была накіравана на выкананне ключавых задач, вызначаных Кіраўніком дзяржавы. Гэта забеспячэнне ўстойлівай работы рэальнага сектара эканомікі, павышэнне інвестыцыйнай актыўнасці, вырашэнне найбольш важных пытанняў, якія хвалююць насельніцтва», – зазначыў старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч.

Дакладчык падкрэсліў, што раён заканчвае год са станоўчай дынамікай у будаўнічай, прамысловай галінах, ростам рознічнага тавараабароту, грамадскага харчавання, экспарту тавараў. Забяспечаны рост зарплаты, даходаў бюджэту, стабілізавана сітуацыя з занятасцю, не дапушчаны неабгрунтаваны рост цэн. Пабудавана на 2,4 тыс. кв. м больш, чым у 2024 годзе, жылля. Забяспечана ўстойлівая станоўчая дынаміка росту інвестыцый у асноўны капітал.

Арганізацыямі раёна атрымана больш за 100 мільёнаў рублёў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, рост у адносінах да мінулага года склаў 120%.

На тэрыторыі раёна ў розных сферах эканомікі створана 8 новых прадпрыемстваў.

Эфектыўная работа арганізацый дазволіла забяспечыць выкананне па выніках года наступных мэтавых паказчыкаў: тэмп росту намінальнай налічанай сярэднямесячнай зарплаты (117,9%), тэмп росту сукупных паступленняў даходаў кансалідаванага бюджэту раёна (112,4%), тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал (каля 78 млн. руб., 134,1%).

 

Топ‑5 інвестпраектаў 2025 года:

  • мадэрнізацыя адміністрацыйна-спальнага корпуса ДАЦ «Дружба» УП «Віцебскаблгаз» – накіравана 12,6 млн. руб. інвестыцый;
  • арганізацыя ўчастка па вырошчванні свіней ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» – больш за 11 млн. руб., створана 13 новых працоўных месцаў;
  • будаўніцтва і мадэрнізацыя сетак электразабеспячэння і падстанцый РУП «Віцебскэнерга» – больш за 11 млн. руб.;
  • арганізацыя ўчастка па вытворчасці прадукцыі раслінаводства канцэрна «Вялес» ТАА «Вітконпрадукт» у в. Дабея – больш за 7 млн. руб., створана 17 новых працоўных месцаў;
  • рэканструкцыя і капітальны рамонт вытворчага цэха ў г. п. Шуміліна ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод» – каля 3 млн. руб. капітальных укладанняў.

 

Станоўчая дынаміка ў рабоце рэальнага сектара эканомікі адбілася і на павелічэнні даходаў бюджэту раёна (113,5%). За студзень-лістапад 2025 года забяспечана паступленне падатковых і непадатковых плацяжоў у бюджэт раёна ў памеры 26,9 млн.  рублёў.

Прыярытэтным напрамкам развіцця раёна застаецца сельская гаспадарка. Па выніках работы за 11 месяцаў 2025 года тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 95,4% да аналагічнага перыяду 2024 года. Адноўлены ўзровень 2024 года па вытворчасці прадукцыі вырошчвання жывёлы і птушкі ў жывой вазе. За кошт захавання тэхналогій і прымянення высокаўраджайных гатункаў культур дасягнуты станоўчы вынік у зборы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур (рост практычна ў 1,5 раза), ураджай крыжакветных павялічаны ў 2 разы. Нягледзячы на кліматычныя складанасці, на 1 снежня сельгасарганізацыямі нарыхтавана ў пераразліку на кармавыя адзінкі 16,5 тыс. т, у тым ліку на ўмоўную галаву – 18 цэнтнераў кармавых адзінак.

Разам з тым страты выручкі сельскагаспадарчых арганізацый ад рэалізацыі малака нізкай якасці за 11 месяцаў 2025 года склалі больш за 1 млн. руб., ад нізкай таварнасці малака – 767 тыс. руб., рэалізацыі жывёлы нізкімі вагавымі катэгорыямі – 3,9 млн. руб.

Старшыня райвыканкама М. А. Будневіч агучыў мэтавыя паказчыкі, устаноўленыя для Шумілінскага раёна на 2026 год:
– рост сярэднямесячнага заробку – 113,2%,
– рост інвестыцый у асноўны капітал – 105% (не менш за 95 млн. руб.).

Ключавая задача для прамысловага комплексу – развіццё імпартазамяшчэння і вытворчай кааперацыі ў першую чаргу з расійскімі суб’ектамі гаспадарання. Неабходна атрымаць аддачу ад рэалізацыі інвестпраекта на ОКЗ, прыняць меры па нарошчванні аб’ёмаў экспартных паставак, асвоіць выпуск новых відаў прадукцыі, забяспечыць станоўчую рэнтабельнасць продажаў.

У сельскай гаспадарцы пастаўлена задача павялічыць валавую вытворчасць не менш чым на 10% і забяспечыць эфектыўную і рэнтабельную работу сельгасарганізацый. Для гэтага неабходна правесці рэарганізацыю сельскагаспадарчай галіны, прыняць меры па ўкамплектаванні малочнатаварных комплексаў, прадоўжыць работу па паляпшэнні структуры севазвароту, захаванні тэхналогіі сяўбы і вырошчвання.

«Задачы і асноўныя напрамкі работы на 2026 год вызначаны, рэзервы і магчымасці для іх выканання ёсць, – падкрэсліў кіраўнік раёна. – Іх рэалізацыя будзе працаваць на дасягненне галоўнай мэты – павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва. Якім будзе вынік, залежыць ад кожнага з нас».

З судакладамі па абмяркоўваемым пытанні выступілі дырэктар ОКЗ дэпутат раённага Савета дэпутатаў Сяргей Ляўшоў, дырэктар Шумілінскай ПМК-70 дэпутат раённага Савета дэпутатаў Аляксей Крыўко, дырэктар УП ЖКГ Шумілінскага раёна дэпутат раённага Савета дэпутатаў Аляксей Шпакаў.

БЮДЖЭТ  –  ЗАЦВЕРДЖАНЫ

Дэпутаты райсавета дэпутатаў зацвердзілі на сесіі праект бюджэту на 2026 год. З ім азнаёміла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Юлія Сцяпанава.

ЗНАЁМЦЕСЯ:  ГАЛОЎНЫ  ФІНАНСАВЫ  ДАКУМЕНТ  НА  2026  ГОД

У 2026 годзе бюджэт Шумілінскага раёна складзе:
– даходы – 75,4 млн. рублёў,
– расходы – 74,1 млн. рублёў.

У параўнанні з 2025 годам даходы вырастуць на 10,6%, а расходы – на 7%.

Падыходы да фарміравання бюджэту не змяніліся. У аснову прыняты прагноз умоў эканамічнага развіцця, які прадугледжвае рост ВУП на ўзроўні 102,8%, узровень інфляцыі – не больш за 7%.

Адкуль бяруцца грошы
– Асноўная частка ўласных даходаў – гэта падаткі (больш за 80%).
– Падатак на дабаўленую вартасць будзе паступаць у бюджэт раёна прапарцыянальна колькасці насельніцтва.
– Каб бюджэты былі збалансаваныя, раён атрымае з рэспубліканскага бюджэту 43,4 млн. рублёў – гэта больш за палову ўсіх даходаў (56,3%).

На што пойдуць расходы
– Галоўны прыярытэт – сацыяльная сфера. У 2026 годзе на яе выдзелена 50,8 млн. рублёў, што складае 68,5% усіх выдаткаў. Гэта на 13% больш, чым у 2025 годзе.
– Ахова здароўя – сродкі разлічаны на кожнага жыхара раёна.
– Адукацыя – грошы выдзелены на кожнага вучня, а таксама на рамонт школ, набыццё абсталявання і стварэнне камфортных умоў.
– Культура – фінансуюцца ўсе сацыяльна значныя артыкулы і работа ўстаноў.
– Спорт – утрыманне спартыўных аб’ектаў і правядзенне мерапрыемстваў.
– Сацыяльная палітыка – дапамога малазабяспечаным сем’ям, бясплатнае харчаванне для дзяцей да 2х гадоў, аднаразовыя выплаты мнагадзетным сем’ям да навучальнага года, дапамогі на пахаванне, падтрымка ветэранскай арганізацыі.
– Жыллёва-камунальная гаспадарка: на ЖКГ выдзелена 16,7% усіх выдаткаў, на бягучы, капітальны рамонт і мадэрнізацыю жылля – 2,7 млн. рублёў, на добраўпарадкаванне населеных пунктаў – 3,4 млн. рублёў.

Аплата працы

У 2026 годзе павялічыцца зарплата работнікаў бюджэтнай сферы:
– базавая стаўка – 298 рублёў.
– мінімальная зарплата – 858 рублёў.

Такім чынам, бюджэт раёна на 2026 год накіраваны перш за ўсё на падтрымку людзей: адукацыю, ахову здароўя, культуру, спорт і сацыяльную дапамогу. Гэта галоўны інструмент для паляпшэння якасці жыцця і развіцця раёна.

Удзел у рабоце сесіі прыняў дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Шумілінскай выбарчай акрузе № 52 начальнік Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі.

Алена КАРПУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *