О традициях празднования Рождества рассказывает шумилинский благочинный и прихожане Свято-Никольского храма в Шумилино

Духоўнае Общество

«Хрыстос нарадзіўся дзеля кожнага з нас»

Алена Логінава і Ягор Нікіценка.

Праваслаўныя вернікі рыхтуюцца сустракаць адно з самых светлых і добрых хрысціянскіх святаў – Нараджэнне Хрыстова.

Тыя, хто наведвае храм, прытрымліваюцца хрысціянскіх традыцый і звычаяў, расказаў протаіерэй Фёдар Пучынскі, благачынны цэркваў Шумілінскай акругі. Сёння, 6 студзеня, у храме Свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў 18.00 будзе ладзіцца вячэрняя малітва. Напярэдадні тут зрабілі вярцеп – сімвалічныя яслі, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос, упрыгожылі іканастас яловымі лапкамі. Пасля наведвання храма прынята святкаваць Сачэльнік. Гэта вечар чакання перад Ражаством. А назвалі яго так таму, што нашы продкі гатавалі сочыва – размочанае зерне пшаніцы з мёдам, арэхамі ці сухафруктамі. Стол быў з посных страў, а ставілі іх па традыцыі 12, па колькасці апосталаў Ісуса Хрыста і колькасці месяцаў. Сям’я чакала з’яўлення першай зоркі – сімвала Віфлеемскай зоркі, якая абвясціла пра нараджэнне Хрыста.

Да першай зоркі – нельга.

Некаторыя прыхаджане строга прытрымліваюцца паста. «6 студзеня – строгі пост, – расказала Ларыса Цыркунова. – Яго прытрымлівалася яшчэ мая бабуля, традыцыю прадаўжаю і я. Увогуле захоўваю 40-дзённы пост – з 27 лістапада да 7 студзеня. Вечарам 6 студзеня чакаем першую зорку, да яе не садзімся вячэраць. На стале абавязкова павінна быць куцця з разынкамі, сухафруктамі ці арэхамі. Перад тым, як яе пакаштаваць, кажам: “Усе дзяды, прадзеды, кліканыя, жаданыя, прыходзьце да нас куццю есці”. Варым таксама кісель – аўсяны, малочны ці фруктовы. На посным стале – гародніна, фрукты. Па традыцыі пад сурвэтку кладзем сена – сімвал вярцепа. 7 студзеня з раніцы ходзім у храм на ўрачыстую літургію. Сёлета пайду з унучкай Вікторыяй, якая да мяне прыехала. На Нараджэнне Хрыстова прыязджаюць дзеці з горада, сваякі. Пасля літургіі садзімся дома за вялікі шыкоўны стол, на якім абавязкова павінна быць мачанка з дамашніх каўбас, свіных рэбраў, мяса. Пяку шмат бліноў. На стале яшчэ халадзец, пірагі, сачні. Перад ядой абавязкова чытаю малітву “Ойча наш” і дзякую Усявышняму за ежу на стале».

Ражаство – час надзеі на лепшае.

«Перад Ражаством у нашай сям’і прынята наводзіць парадак у доме, каб у святкі не траціць час на бытавыя клопаты, – расказаў дзесяцігадовы пономарь-рус.) храма Ягор Нікіценка. – Я заўсёды дапамагаю падчас службы. А 7 студзеня яна будзе асаблівай, святочнай. Царкоўны хор у песнях праславіць Хрыста і Багародзіцу. Ражаство – гэта час надзеі на лепшае. І я веру ў гэта».

Многія прыхаджане запальваюць агеньчыкі на ёлцы на Ражаство, а не на Новы год. Як, дарэчы, і падворак упрыгожваюць. Гэтым самым славяць Нараджэнне Хрыста.

Свята славіцца добрымі справамі.

Свята Ражаства трэба адзначыць добрымі справамі, лічыць прыхаджанка Алена Логінава. Гэта можа быць дапамога бліжняму, суседу ці знаёмаму. На свята звычайна абменьваюцца падарункамі. Алена пячэ пернікі і частуе імі сталых суседзяў, а таксама прыносіць у храм Мікалая Цудатворцы. «Нараджэнне Хрыстова – гэта свята дабрыні і цудаў, свята адзінства людзей, і сустракаць яго трэба з чыстымі думкамі і шчырым сэрцам, – кажа Алена Логінава. – Нас вучыць айцец Фёдар, што трэба раскрыць сваё сэрца, напоўненае любоўю да Бога і людзей, сваім бліжнім. Трэба дзяліцца гэтай любоўю, бо Хрыстос нарадзіўся дзеля кожнага з нас».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *