Энергетыкі трымаюць сеткі без збояў

– Працуем у штатным рэжыме, без зрываў і надзвычайных сітуацый, – пачаў размову галоўны інжынер раёна электрычных сетак Уладзімір Юпатаў. – Спажыўцы бесперабойна атрымліваюць электраэнергію. Радуе, што электрычныя сеткі вытрымліваюць выпрабаванні сёлетнімі моцнымі маразамі і завірухамі.
Нягледзячы на складанае надвор’е ў студзені, сур’ёзных адключэнняў у раёне не зафіксавана. Аператыўны персанал забяспечаны ўсім неабходным абсталяваннем і тэхнікай і гатовы ў любы момант выехаць на ліквідацыю магчымых парушэнняў у рабоце электрасеткавага комплексу рэгіёна.
Тое, што ў складаны зімовы час шумілінскія энергетыкі працуюць без надзвычайных сітуацый – вынік сістэмнай работы, якая праводзіцца на працягу апошніх гадоў.
«Толькі за апошнія тры гады мы памянялі ў раёне амаль 55 км правадоў, – дадаў галоўны інжынер. – Перад заменай праводзім абследаванне тэхнічнага стану электраліній. У ліку крытэрыяў для замены і тое, ці зможа провад «перажыць» зіму з тэмпературнымі перападамі, маразамі ці завірухамі».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
