Палкоўнік Аляксандр Зайцаў: служба без памылак
19-ю асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду ў Заслонаве добра ведаюць шумілінцы. У кожны прызыў сюды ідуць праходзіць тэрміновую вайсковую службу шумілінскія хлопцы. А вось пра тое, што другі чалавек у брыгадзе – наш зямляк, ведаюць нямногія: першым намеснікам камандзіра часці тут служыць палкоўнік Аляксандр ЗАЙЦАЎ.
У старэйшых класах Аляксандр Зайцаў цвёрда вырашыў, што сваё жыццё звяжа з Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь і будзе паступаць у Ваенную
акадэмію. На яго выбар у першую чаргу паўплываў бацька Анатоль Мікалаевіч, які часта расказваў пра сваю службу. «Вучыўся ў класе, у якім на павышаным узроўні вывучалася матэматыка, заўсёды займаўся спортам, – успамінае Аляксандр. – Таму без цяжкасцей паступіў у Ваенную акадэмію».
Пасля заканчэння першым месцам службы стала вайсковая часць у Баравусе, што каля Полацка. Менавіта тут лейтэнант Зайцаў спасцігаў першыя афіцэрскія навыкі. Затым была служба ў Заслонаве, пад Лепелем. З першых дзён службы ў 19-й механізаванай брыгадзе старшы лейтэнант Аляксандр Зайцаў паказаў сябе граматным і ініцыятыўным афіцэрам. Кіраўніцтва часці заўважыла перспектыўнага афіцэра і праз некалькі месяцаў службы даверыла камандаванне ротай.
2017 год стаў важным у кар’ерным росце Аляксандра Зайцава: у пачатку года атрымаў званне маёра, а па восені стаў слухачом факультэта Генеральнага штаба аператыўна-тактычнага ўзроўню Ваеннай акадэміі.
Тое, што афіцэр Зайцаў выдатна спраўляўся са сваімі абавязкамі, сведчыць і той факт, што ў 2020 годзе яму датэрмінова (!) прысвойваецца званне падпалкоўніка. А 20 лістапада 2025 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прысвоіў Аляксандру Зайцаву званне палкоўніка. І не вядома, хто быў больш
шчаслівы – сам Аляксандр, яго жонка ці двое дзетак.
З 23 па 30 студзеня ў 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе згодна з загадам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праходзіла праверка боегатоўнасці сіл хуткага рэагавання. І тут сябе палкоўнік Зайцаў паказаў толькі са станоўчага боку: аператыўныя і правільныя рашэнні, хуткае і дакладнае рэагаванне, тэрміновасць і правільнасць прыняцця рашэнняў. Усе пастаўленыя перад брыгадай задачы былі выкананы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

