На заседании Шумилинского райисполкома рассматривалось выполнение Директивы №1 и борьба с преступностью

Актуалии Общество Президент

Пра Дырэктыву № 1 і злачынствы, якіх не павінна быць
Правапарадак на тэрыторыі раёна, барацьба са злачыннасцю, выкананне Дырэктывы Прэзідэнта № 1 ”Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” – гэтыя пытанні пастаянна знаходзяцца ў полі зроку раённай улады. Вось і на першае ў гэтым годзе пасяджэнне райвыканкама, якое прайшло ў мінулую пятніцу, гэтае пытанне было вынесена ў якасці галоўнага.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны пачаў абмеркаванне з аналізу дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне, з неабходнасці стварэння новых працоўных месцаў, умацоўвання працоўнай дысцыпліны. Прысутным былі паказаны відэасюжэты, на якіх вельмі непрывабны выгляд мелі фермы Кардон (КУСГП “Ульскі”) і Паратоўка  (“Шумілінскі райаграсэрвіс”). У пакоі адпачынку першай з іх палілася аварыйная печка, і праз трэшчыны разам з дымам выляталі іскры полымя. У пакоі адпачынку фермы Паратоўка відэакамера зафіксавала бруд, беспарадак, бутэлькі з-пад спіртнога…
“Вось яна наша дысцыпліна”, – рэзюмаваў У. П. Куранны. Ён даў распараджэнне выключыць падобныя з’явы і рамантаваць штомесяц у кожнай гаспадарцы не менш чым па аднаму памяшканню на ферме.
Адсутнасць належнай дысцыпліны, бяспечныя адносіны некаторых спецыялістаў ды і грамадзян да сваёй уласнасці, п’янства на рабочым месцы і ў быту – менавіта гэтыя акалічнасці становяцца спрыяльным асяроддзем для росту злачыннасці ў раёне. Аб гэтым заявіў, выступаючы са справаздачай, начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў В. В. Мядзвецкі. Вадзім Вадзімавіч далажыў, што за 2012 год у Шумілінскім раёне здзейснена 260 злачынстваў. І хоць гэтая лічба зменшылася ў параўнанні з 2011 годам больш чым на сто выпадкаў, тым не менш узровень злачыннасці ў раёне вельмі высокі: 134,7 злачынства на 10 тысяч насельніцтва (у вобласці – 102,5).
У агульным аб’ёме правапарушэнняў льві-ную долю займаюць крадзяжы – 62%, прычым 87 з іх, падкрэсліў начальнік РАУС,  здзейснены шляхам свабоднага доступу (пакінулі без нагляду ці даверылі незнаёмцу мабільнік, сумачку, веласіпед, не замкнулі дзверы дома, выходзячы за грыбамі і г. д.). Шмат прэтэнзій прад’явіў В. В. Мядзвецкі вартавой службе прадпрыемстваў і арганізацый, адзначыў слабы кантроль за работай вартаўнікоў з боку кіраўнікоў. Міліцыя правяла звыш 250 рэйдаў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 38 чалавек, якія знаходзіліся на рабочым месцы ў нецвярозым стане, 19 з іх – вартаўнікі.
У мінулым годзе ў нашым раёне было здзейснена 13 (у 2011 годзе – 9) цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, у тым ліку тры забойствы. І нягледзячы на тое, што ўсе яны раскрыты, падкрэсліў В. В. Мядзвецкі, гэта трывожны сімптом. Як і тое, што вырасла падлеткавая злачыннасць: з 13 выпадкаў у 2011 годзе да 18 у 2012. І гэта не толькі крадзяжы, але і забойствы, наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, разбойныя нападзенні.
Усе гэтыя факты і лічбы, прыведзеныя начальнікам РАУС, не толькі выклікаюць трывогу, але патрабуюць перагледзець сістэму работы і  суб’ектаў прафілактыкі, якія дзейнічаюць у раёне, і праваахоўных органаў. Такое перакананне выказалі першы намеснік пракурора Віцебскай вобласці А. У. Чадзюк і часова выконваючы абавязкі начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Віцебскага аблвыканкама А. Р. Рукаль, якія прынялі ўдзел у абмеркаванні пытання.
Дырэктыва № 1, нягледзячы на тое, што яна была прынята амаль дзевяць гадоў назад, вельмі актуальна і сёння, падкрэсліў у сваім выступленні пракурор раёна Я. Ю. Гуляеў.
У рашэнні райвыканкама па гэтым пытанні адзначана недастатковасць мер, прымаемых РАУС, іншымі аддзеламі і ўпраўленнямі райвыканкама, сельскімі выканаўчымі камітэтамі, суб’ектамі гаспадарання і грамадскімі фарміраваннямі па прафілактыцы правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі, па прафілактыцы рэцыдыўнай злачыннасці, а таксама дэалкагалізацыі насельніцтва. Недастатковай прызнана работа кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання, якія не прынялі належных мер па захаванасці маёмасці; а таксама ўчастковых інспектараў міліцыі і старшынь сельсаветаў, на падведамасных тэрыторыях якіх дапушчана найбольшая колькасць злачынстваў. Рашэнне нацэльвае на больш дзейсную і плённую работу па ахове правапарадку ў раёне і выкананні Дырэктывы Прэзідэнта № 1 “Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны”.
На пасяджэнні райвыканкама была таксама абмеркавана работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у 2012 годзе, падведзены вынікі агляду супрацьпажарнага стану жылых дамоў у населеных пунктах Шумілінскага раёна за мінулы год.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №8 ад 29.01.2013 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *