Фоторепортаж. Шумилинский историко-краеведческий музей отмел свое 40-летие

Главное Культура Новости Общество


40 гадоў на пасту гістарычнай памяці і культурнай спадчыны

Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей ва ўрачыстай абстаноўцы адзначыў свой юбілей. Святочнае мерапрыемства аб’яднала тых, хто па крупінках збірае і беражліва захоўвае летапіс роднага краю, дапамагае развіваць музейную справу і шчыра любіць культуру Шуміліншчыны.


Трапяткую атмасферу святу задалі першыя хвіліны сустрэчы: у зале прыглушылі святло і на экране перад вачыма гледачоў павольна сталі гартацца старонкі віртуальнага фотаальбома. На памятных кадрах за 40 гадоў існавання музея кожны з прысутных мог пазнаць сябе, сваіх сяброў у розныя перыяды гісторыі ўстановы і з цеплынёй панастальгіраваць аб пражытых момантах.


Падзяліць радасць знакавай даты з калектывам установы прыйшлі адданыя наведвальнікі, калегі і ганаровыя госці. Са словамі глыбокай удзячнасці і найлепшымі пажаданнямі да захавальнікаў гісторыі звярнуўся старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч: «Зараз тут працуе калектыў энтузіястаў, які захоўвае традыцыі, якія складваліся гадамі. Музей – гэта не толькі будынак і экспанаты, якія тут захоўваюцца, гэта вялікая сукупнасць людзей, інтарэсаў, імкненняў. Гэта наша дзяржаўнасць, наша маральнасць, наша вялікае дрэва, ад ствала якога можа будавацца ўся ідэалогія будучыні».


Высокую ацэнку рабоце шумілінскіх музейшчыкаў даў галоўны спецыяліст упраўлення культуры аблвыканкама Дзяніс Юрчак, які выканаў ганаровую місію, перадаўшы віншаванні ад начальніка ўпраўлення Глеба Лапіцкага. Асаблівую кранальную ноту ў атмасферу свята ўнесла выступленне Валянціны Кобзун – аднаго з былых дырэктараў установы, для якой музей назаўжды застаўся родным домам. Віншавальныя словы музею таксама перадала першы дырэктар Людміла Голубева. Да выступоўцаў далучыліся былы старшыня райвыканкама Віктар Гутараў, пракурор раёна Антон Гарохаў, былы начальнік аддзела культуры райвыканкама Валянціна Навіцкая, іерэй Вадзім Яско, лідары грамадскіх арганізацый раёна.


Яркім і запамінальным момантам стала выступленне загадчыка сектара культуры райвыканкамы Вольгі Барабанавай, якая разам з калегамі і кіраўнікамі іншых устаноў культуры падрыхтавала арыгінальны і крэатыўны нумар. У гэты дзень у адрас юбіляраў прагучала шмат душэўных слоў у вершах, песнях і музычных кампазіцыях. Ніхто з гасцей не прыйшоў на дзень нараджэння з пустымі рукамі, кожны прэзент адрозніваўся асаблівым падыходам і глыбокім сэнсам. Творчыя падарункі паднеслі музею выхаванцы СШ № 1, артысты і музыканты дзіцячай школы мастацтваў і раённага цэнтра культуры.

Сапраўдным сюрпрызам стаў візіт спецыяльнага госця – Уладзіслава Асакі, кіраўніка Міжнароднай садружнасці праваслаўных аўтараў і выканаўцаў «Благадар», які дзейнічае пры місіянерскім аддзеле Віцебскай епархіі. Ён ад усяго сэрца павіншаваў Святлану Іванову, а яго сябар падарыў усім прысутным незабыўны музычны нумар. Жывое гучанне віяланчэлі кранула кожнага да глыбіні душы.

У адказным слове дырэктар музея Святлана Іванова сардэчна падзякавала ўсім прысутным за аказаную ўвагу, шчырыя пажаданні і шматгадовае плённае супрацоўніцтва. Падзяку за самыя кранальныя прызнанні для фотачэленджа «Музей для мяне – гэта» Святлана Віктараўна перадала Святлане Архіпавай («Музей для мяне – гэта жывая крыніца памяці і прастора, якая запоўнена чалавечымі лёсамі…») і Вользе Коцікавай («Музей – гэта кропка на карце, дзе аднойчы адбылася важная падзея: мая ўласная выстава статуэтак-катоў. Гэты ўспамін грэе мяне дагэтуль і нагадвае, што музей – гэта не пра старажытнасць і пыл, гэта пра памяць, асабістую гісторыю, пра тое, чым ты хочаш падзяліцца. Гэта месца, дзе твая любоў становіцца агульнай»).

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *