Артём Лисейцев ещё раз убедился, что лучше гор могут быть только горы…

Мир увлечений Общество

Па сэрцы – адрэналін невядомасці
Гады два назад Арцём Лісейцаў падарожнічаў на гарах Каўказа. Гэта быў першы яго паход 5-й катэгорыі  (у пешаходным турызме усе паходы раздзяляюцца на шэсць катэгорый, самы лёгкі – першай катэгорыі, паходы шостай катэгорыі можна зрабіць толькі ў Гімалаях ці Арктыцы). Тады Арцём быў упэўнены, што больш моцных эмоцый у яго ўжо не будзе…
Але ў пачатку гэтага года Лісейцаву прапанавалі пайсці ў паход у Кыргызстан, у горы Цянь-Шань і быць у ліку першапраходцаў аднаго з горных пераходаў. Ад такой прапановы апантаны хлопец адмовіцца не мог. Амаль год упартых трэніровак, каб прывесці свой арганізм у аптымальную фізічную форму для паходу.
І вось у жніўні гэтага года шасцёра адважных, сярод якіх былі і дзве дзяўчыны, – сябры грамадскага аб’яднання “Рэспубліканскі турыстычны спартыўны саюз” – адправіліся ў Кыргызстан.
Распачалі свой паход беларускія турысты з вытокаў ракі Ашутор, з месца, дзе пралягаў Вялікі шаўковы шлях. “Ад адчування невядомасці было страшнавата, – успамінае Арцём. – Але ўдача з самага пачатку была  нашым спадарожнікам. Так, ля ракі мы знайшлі падкову – добры знак таго, што ў нас усё атрымаецца”.  Менавіта гэта падкова і стала для беларусаў своеасаблівым абярэгам, які ахоўваў  іх падчас нялёгкага шляху ў гарах.
Першае выпрабаванне – першапраход, вышыня якога 4420 метраў. Нястомная прага дайсці надавала турыстам моцы, крок за кром падымаліся яны да перавалу. Уявіце сябе, сто метраў пад’ёму ў горы яны ішлі больш чым дзве гадзіны (дарэчы, спускацца з гор хутчэй, дзесьці сто метраў за паўгадзіны, але значна складаней).  І вось яны на перавале. Як першапраходцы даюць яму назву Кызыл-Ашутор, тут яны пакінулі падкову і запіску для наступных турыстаў, якія змогуць сюды дайсці.
Але не горы сталі сапраўдным выпрабаваннем. Пры сустрэчах з мясцовымі жыхарамі беларусы даведваліся, што тут загінулі расіяне, у другім месцы – пад камняпад трапілі чэхі і латышы, асабліва страшна стала, калі даведаліся пра беларусаў, якія сарваліся з гор. І гэта навіна прайшла па ўсіх СМІ. Што адчувалі ў гэты момант маці, бацька ды жонка Арцёма (ніякай сувязі ў гарах няма) – можна толькі здагадвацца.
Нялёгкім выдаўся і пад’ём да перавалу  Катор-тор Паўднёвы. Беларускія турысты сталі трэцімі, хто змог сюды дабрацца. Апошні раз нага чалавека ступала тут у  1979 годзе, калі гэтая кропка скарылася савецкім турыстам. Вышыня – 4400 метраў. Тут знаходзіцца вадаспад, з якога пачынаецца рака Кашкатор. Адрэналіну надаюць і пастаянныя расколіны ў гарах, глыбіня якіх некалькі дзесяткаў метраў, прадметы, кінутыя ў яе ляцяць уніз больш чым 10 секунд.  Перапад вышынь складае больш за 600 метраў. Калі група спусцілася з перавалу на начлег, іх сустрэла зграя ваўкоў. “Адрэналін. Экстрым. Адчуваеш, як пульсуе кроў, –  з усмешкай успамінае Арцём. – Мінус васямнаццаць градусаў плюс ваўкі плюс горы – гэта трэба перажыць, ніякімі словамі адчуванні не перадаць”.
Усяго група прайшла пяць перавалаў. Запомніўся СООН-1, вышыня якога 4000 метраў. Камяні, камяні і толькі камяні. І раптам у адным месцы бярэ свой пачатак рака  Джэтыагуз. Пасля гэтага камянёвага раю група дайшла да ледзянога возера Алакель (вышыня 3600). Ледзяная вада тэмпературай крыху больш чым нуль градусаў і адметны шум амаль застыўшай вады. І тут Арцём “вызначыўся”: вырашыў паплаваць, прычым змог пратрымацца 20 секунд, што, як адзначылі мясцовыя жыхары, з’яўляецца рэкордам – столькі ў ледзяной вадзе ніхто не мог пратрымацца. І трэба было бачыць выраз  твару французскага турыста, які быў проста  шакіраваны ад купання Арцёма. Гэта зараз  Лісейцаў расказвае пра сваё купанне з усмешкай, а тады было не да смеху: амаль дзень не мог сагрэцца.
22 дні ў гарах. Без сувязі. Без зносінаў з цывілізацыяй. Толькі зрэдку можна сустрэць мясцовых жыхароў ды іншых турыстаў. Так, беларусы сустрэліся на Цянь-Шане з іспанцамі, туркамі, кітайцамі. Тут не патрэбна веданне замежных моў – у гарах людзі разумеюць адзін аднаго праз жэсты і міміку. Асабліва ўразіў Арцёма  немец, які адзін адправіўся ў складаны паход. “І хто тут ненармальны? – жартуе Арцём Лісейцаў. – Я? Я ж не адзін у паходзе, са мною надзейныя сябры, якія заўсёды падстрахуюць”.
Пра паход можна доўга расказваць. Пакінула свой след у памяці Лісейцава літаральна ўсё. І прырода, адметная і непаўторная. Пасля 3400 метраў вышыні адчуваўся недахоп кіслароду. Расліннасці амаль няма, зрэдку сустракаюцца елкі, затое ніжэй за 3000 метраў – непраходныя елкі. А сярод гор уражвае кветка эдэльвейс – нацыянальная кветка Кыргызстана. Ніякай расліннасці, горы – і раптам  эдэльвейс. Пабачылі беларускія турысты і сляды снежнага барса (ірбіса), якіх зусім мала засталося на Зямлі.
Паход па гарах Цянь-Шань стаў для Арцёма Лісейцава самым складаным. Пра гэтыя 22 дні ён будзе доўга ўспамінаць, а з гор нічога не прывёз. “Усё, што ў гарах – належыць гарам, – тлумачыць хлопец. – Забраць з сабою – дрэнны знак. У турыстаў ёсць прыкмета, што калі нешта забраў з гор, то горы забяруць цябе”. Засталіся ўспаміны і мноства фотаздымкаў, з часткай якіх можна пазнаёміцца ў афіцыйнай групе “Герой працы” ў сацыяльнай сетцы “Укантакце” ў фотаальбоме “Паходы Арцёма Лісейцава. Кыргызстан”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Фота Арцёма ЛІСЕЙЦАВА.
Надрукавана ў № 72 ад 15. 09. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *