Алея памяці спаленых вёсак з’явілася ў Шуміліне
Напярэдадні 83-й гадавіны Хатынскай трагедыі ў парку 100-годдзя Шумілінскага раёна адкрылі Алею памяці спаленых вёсак.
Вайна пакінула на шумілінскай зямлі шмат бяды: спаленыя вёскі, расстраляных фашыстамі мірных жыхароў, воінаў Чырвонай Арміі і партызан, якія загінулі ў барацьбе з ворагам. У кожнай сям’і ёсць гераічныя і трагічныя старонкі, звязаныя з часамі Вялікай Айчыннай вайны. Падзеі тых гадоў назаўжды застануцца ў нашай памяці.
20 сакавіка да абеліска “Ахвярам фашызму” ў парку 100-годдзя Шумілінскага раёна сабраліся прадстаўнікі раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў і партый, члены ваенна-патрыятычнага клуба “Юны гвардзеец” сярэдняй школы № 1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка г. п. Шуміліна, прадстаўнікі сельсаветаў раёна. У мерапрыемстве бралі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук і пракурор раёна Антон Гарохаў.
Супрацоўнік Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея Віктар Саковіч нагадаў, што ўвесь свет ведае гісторыю маленькай беларускай вёскі Хатынь, але трагедыю, падобную хатынскай, перажылі тысячы населеных пунктаў нашай Беларусі, іншых краін, якія былі захоплены фашыстамі. Калі стваралася кніга “Памяць. Шумілінскі раён”, было вядома пра 133 спаленыя фашыстамі вёскі. Расследаванне Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа выявіла новыя факты. Цяпер на Шуміліншчыне ўстаноўлена, што ворагі спалілі поўнасцю ці часткова каля 300 вёсак.
– Напярэдадні гадавіны Хатынскай трагедыі па ініцыятыве дэпутацкага корпусу раёна ў парку ўстаноўлена 8 валуноў, прывезеных з кожнага сельсавета. На іх замацаваны мемарыяльныя дошкі з назвамі 50 спаленых вёсак, якія так і не адрадзіліся пасля вайны. Давайце помніць і шанаваць людзей, якія заваявалі Перамогу, пакінулі для нас мір і краіну, у якой мы жывём, – адзначыў у сваім выступленні старшыня раённага Савета Руслан Матвейчук.
Пракурор Шумілінскага раёна Антон Гарохаў нагадаў пра расследаванне Генеральнай пракуратурай справы аб генацыдзе: “Галоўнай мэтай гэтага расследавання было ўвекавечанне памяці загінуўшых у гады вайны людзей. Дзякуючы гэтаму ўстаноўлены новыя факты фашысцкіх злачынстваў, у тым ліку і на Шуміліншчыне. І гэта работа не завершана. Расследаванне працягваецца, выяўляюцца новыя факты генацыду, які праводзілі на нашай зямлі фашысты”.
Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінуўшых у гады вайны хвілінай маўчання і ўсклалі да помніка кветкі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Святлана ІВАНОВА, дырэктар Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея:
– Ініцыятыву аб стварэнні падобнага месца, дзе былі б сабраны назвы ўсіх населеных пунктаў, якія знішчаны ў час Валікай Айчыннай вайны, ўпершыню выказалі члены раённай ветэранскай арганізацыі, калі наведвалі месцы спаленых вёсак на Казьяншчыне. Хачу выказаць удзячнасць старшыні райвыканкама Мікалаю Аляксеевічу Будневічу, які ў той час узначальваў раённы дэпутацкі корпус. Ён разам з дэпутатамі падтрымаў ініцыятыву ветэранаў і дапамог сабраць гэтыя валуны з кожнага сельсавета. А дэпутаты на чале з Русланам Алегавічам Матвейчуком усталявалі на камянях мемарыяльныя таблічкі з назвамі вёсак.
Можна сказаць, што ў раёне з’явіўся яшчэ адзін мемарыяльны аб’ект – Алея памяці спаленых вёсак, якая стала дапаўненнем да карты, устаноўленай на Алеі Славы. Цяпер назвы вёсак, што зніклі з геаграфічных карт і засталіся толькі ў памяці, увекавечаны ў гэтым памятным месцы.
Прыемна адзначыць, што шэфства над паркам узялі члены ветэранскай арганізацыі і моладзь з ваенна-патрыятычнага клуба «Юны гвардзеец»









