У поле статак ганяць і Юр’я клікаць

Общество

У поле статак ганяць і Юр’я клікаць
Калісьці 6 мая (23 красавіка па старым стылі) для вяскоўцаў лічылася вялікім святам. У гэты дзень адзначылі свята Юр’я. Лічылася, што гэтае свята адкрывае дзверы цеплыні і сапраўднай вясне.
Старажылы нашага раёна помняць, што такое свята паважалі іхнія дзяды і прадзеды. “Менавіта на Юр’я выганялі ў поле кароў, – кажа жыхарка в. Грышаны А. Л. Шчалкунова. – Вяскоўцы свята верылі, што святы Юрый – заступнік свойскай жывёлы і сялянскай нівы. Зямля нібыта прачыналася ад зімовай спячкі, выпускала расу. Моладзь збіралася ў гэты дзень, паліла касцёр, спявала юраўскія песні, вадзіла карагоды”.
Згодна з народным павер’ем, у гэты дзень святы Юрый “замыкаў” пашчы дзікім звярам, каб яны не нападалі на дамашнюю жывёлу.
“Я не помню юраўскіх песень, але, бывала, менавіта з Юр’ем былі звязаны народныя прыкметы, – кажа жыхарка в. Бараноўскія М. М. Масько.– Напрыклад, казалі так: як на Юр’я раса, хопіць коням аўса. А яшчэ менавіта на Юр’я пачынала кукаваць зязюля. І хто яе пачуе менавіта ў гэты дзень – таму пашанцуе. Бывала, пасвім на Юр’я жывёлу ля лесу (у 60-я гады вясковы статак налічваў 70 кароў) і ўважліва слухаем: ну, хаця б пашанцавала пачуць зязюлю”.
Старажытнае свята Юр’я адышло ў нябыт. Але яно і сёння застаецца правобразам веснавога сонца, які разбівае злыя чары зімы. І так хочацца верыць, што пасля Юр’я надыдзе сапраўднае цяпло, якое плаўна пяройдзе ў доўгачаканае лета.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №34 ад 05.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *