Прыехалі на магілу прадзеда і прапрадзеда
Кацярына Старкова з Масквы разам з мужам і сынам на мінулым тыдні прыехала на воінскае пахаванне ў Тропіна, дзе знайшоў свой апошні спачын яе прадзед – Герой Савецкага Саюза Пракофій Міхайлавіч Герасіменка.
Гасцей з Масквы сустракала старшыня Сіроцінскага сельвыканкама Аксана Шынкевіч. Яна расказала пра воінскае пахаванне ў Тропіне, чатырох Герояў Савецкага Саюза, якія пахаваны тут. Сям’я Старковых пабывала ў Тропіне, пакланілася магіле роднага чалавека, усклала кветкі да помніка. Кацярына Старкова адзначыла, што вельмі рада пабываць у тых мясцінах, дзе ваяваў яе прапрадзед, сустрэцца з людзьмі, якія вельмі старанна даглядаюць воінскае пахаванне. Пад асаблівым уражаннем застаўся Іларыён, сын-другакласнік
Старковых. Напярэдадні ён рыхтаваў у школу паведамленне пра прапрадзядулю і разам з бацькамі пабываў у музеі «Дарога памяці» ў Маскве.
А цяпер вось наведаў і воінскае пахаванне, усклаў кветкі да помніка, паслухаў расказ пра свайго прапрадзядулю, які, абараняючы радзіму, быў тройчы паранены і сваім бясстрашшам і мужнасцю падчас бою паказваў прыклад іншым. Паездка ў Тропіна была для Іларыёна самым цікавым урокам гісторыі, памяць пра прапрадзядулю ён пранясе праз усё жыццё.
Сям’я Старковых наведала Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе таксама захоўваюцца звесткі пра Пракофія Герасіменку.
У кнізе «Памяць» Сіроцінскага сельсавета Старковы пакінулі ўдзячны запіс: «Хочам выказаць вялікую падзяку кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь і Сіроцінскаму сельвыканкаму, у прыватнасці, Шынкевіч Аксане Цімафееўне і Масько Святлане Уладзіміраўне, жыхарам Сіроціна за тое, што ўшаноўваеце памяць і робіце ўсё для таго, каб мы помнілі і ганарыліся».
Ларыса КІСЯЛЁВА.

