Не отбить у ребёнка желание учиться. Советы психолога

Здоровье Образование Семья

Успомніце, як самі былі школьнікамі
Дзіця, якое літаральна подскакам з радасцю ходзіць у школу, актыўнае на ўроках, без напамінаў выконвае дамашнія заданні – мара ўсіх бацькоў. Хаця часта дарослыя, можа самі таго і не падазраючы, адбіваюць у сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак ахвоту вучыцца. А каб гэтага не здарылася, прытрымлівайцеся наступных парад:
– Перад паступленнем у школу ні ў якім разе не пужайце дзіця вучэннем і яго цяжкасцямі, а наадварот гаварыце пра гэту установу толькі з павагай і з захапленнем расказвайце, як цікава вучыцца і ўсё ведаць;
– Правільна ацэньвайце рэальныя магчымасці дзіцяці: не завышайце і не заніжайце іх. Не загадвайце няўседліваму школьніку доўга сядзець за ўрокамі, давайце магчымасць змяніць дзейнасць;
– Не патрабуйце ад дзіцяці зрабіць больш, чым яму зададзена на ўроку, напрыклад, пісаць не адзін радок, а цэльную старонку ці па некалькі разоў перапісваць дамашняе заданне;
– Праяўляйце інтарэс да вучэбнай дзейнасці дзіцяці, шукайце цікавую інфармацыю ў кнігах ці інтэрнэце, але рабіце гэта разам, нацэльваючы школьніка, што галоўную работу (напрыклад, напісаць сачыненне, рэферат) ён зробіць самастойна;
— Не трэба баяцца дрэнных адзнак і загадваць дзіцяці рабіць усё на “выдатна”. Не дапякайце яму кожны дзень, што, калі вы вучыліся ў школе, у вас былі толькі добрыя адзнакі, а лепш прыпомніце, ці так гэта было на самой справе. І ні ў якім выпадку не дзяліце школьныя прадметы на важныя і не вельмі.
– Не абвінавачвайце, у прысутнасці дзіцяці школу і настаўнікаў, бо яно адрэагуе тым, што страціць павагу да педагогаў, а з гэтым і інтарэс да вучобы. Лепш патлумачце свайму сыну ці дачцэ, што нешта даецца чалавеку лягчэй, а недзе трэба добра і доўга працаваць, каб дасягнуць поспехаў.
– Неабходна паказваць дзіцяці, што вы рады нават невялікім ягоным поспехам, падтрымліваць жаданне ўдзельнічаць у школьных мерапрыемствах, накіроўваць на добрыя сяброўскія адносіны з аднакласнікамі, паважлівыя з настаўнікамі;
– Ні ў якім выпадку не дапякайце фразамі: “Вось не будзеш вучыцца – пойдзеш двары месці…” і гэтаму падобнае. Па-першае, гэта выхоўвае непавагу да іншых. Між іншым, кожны з нас ведае, колькі адукаваных і прыстойных людзей, па волі лёсу, ідуць працаваць на непрэстыжныя, у нашым разуменні, работы. Па-другое, дзіцяці, у рэшце рэшт, надакучыць слухаць натацыі і яно на зло дарослым усімі спосабамі будзе дэманстраваць дрэннае стаўленне да вучобы.
І ведайце, калі вы будуеце адносіны ў сям’і і з іншымі людзьмі на аснове павагі і паразумення, вы пазбегнеце непажаданых сітуацый і ў вучобе, і ў паводзінах сваіх дзяцей. А калі ўсё ж узнікнуць складанасці, з якімі вам будзе цяжка разабрацца, звярніцеся да псіхолага, які граматнымі парадамі дапаможа вырашыць праблему.
Наталля КЛІМЕНЦЬЕВА, псіхолаг раённага Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Надрукавана ў №71 ад 14.09.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *