На базе Шумилинской СШ№1 прошел слет выпускников

Молодёжь Образование Общество

Знайсці сябе ў дарослым жыцці

У пятніцу, 15 красавіка, на базе Шумілінскай СШ №1 прайшоў злёт выпускнікоў раёна.

 Звяртаючыся да  школьнікаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч  падкрэсліў, што яны стаяць на парозе прыняцця, бадай, самага важнага ў жыцці рашэння – выбару сваёй прафесіі, далейшага жыццёвага шляху. «Трэба вельмі адказна  падысці да гэтага выбару, ацаніць свае здольнасці і схільнасці, выбраць сістэму атрымання прафесійнай адукацыі, даследаваць патрэбы рынку працы, – адзначыў Мікалай Аляксеевіч. – Як казаў знакаміты філосаф Канфуцый, выберы сабе працу па душы, і табе не давядзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці. Кожнаму з вас жадаю выбраць менавіта такую прафесію. Хачу сказаць, што ў нашым раёне створаны ўсе ўмовы для жыцця і далейшага развіцця, таму, закончыўшы навучальныя ўстановы, вяртайцеся на малую радзіму».

У многіх сферах, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы, патрэбны  кваліфікаваныя кадры, як спецыялісты, так і рабочыя. Многія арганізацыі раёна гатовы даць мэтавыя накіраванні на абучэнне па неабходных спецыяльнасцях у сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. Маладыя спецыялісты, якія прыйдуць у раён, маюць пэўныя гарантыі, што поўнасцю забяспечваюцца. Пра гэта казала  галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Алеся Шавяка.

Дарэчы, на злёт выпускнікоў многія сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы вобласці дэлегавалі сваіх прадстаўнікоў. Лужаснянскі аграрны каледж, Гарадоцкі аграрна-тэхнічны каледж, Полацкі ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці. Кожная ўстанова па-свойму расказвала пра плюсы навучання ў іх установе. Так, напрыклад,  у Гарадоцкім аграрна-тэхнічным каледжы вучыцца 40 шумілінцаў, якіх на аўтобусе каледжа ў панядзелак з Шуміліна вязуць на вучобу, а ў пятніцу прывозяць дадому.

Пра тое, якія запатрабаваныя на рынку працы прафесіі рыхтуюць Полацкі лясны каледж, Віцебскі тэхнічны каледж, Полацкі эканамічны каледж расказвалі выкладчыкі гэтых устаноў. Кожны з іх адзначаў, што  ўстановы даюць магчымасць навучэнцам асвойваць прафесіі і спецыяльнасці на сучаснай тэхніцы і абсталяванні, з выкарыстаннем навейшых тэхналогій. Маладыя людзі  падчас вучобы маюць магчымасць ўдзельнічаць у прафесійных конкурсах нават на міжнародным узроўні.

А Полацкі педагагічны каледж прэзентавалі яго навучэнцы шумілінскія дзяўчаты Людміла Навумава і Зарына Аверчанка, запрасіўшы выпускнікоў у вялікую сям’ю педкаледжа.

Усе ўстановы адукацыі даюць магчымасць сваім навучэнцам усебакова развівацца: займацца спортам, музыкай, танцамі, спевамі, іншымі відамі творчасці, праводзіць вольны час цікава. Так, напрыклад, Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны каледж прадставіў на мерапрыемстве свой народны тэатр моды «Стыль» з калекцыяй касцюмаў «Мая Радзіма – Беларусь».

Цяпер ход за выпускнікамі. У іх яшчэ ёсць няшмат часу абдумаць прапановы і зрабіць свой выбар.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Надрукавана ў №29 ад 19.04.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *