РЭСПУБЛІКАНСКАЯ АКЦЫЯ «ЛЕС! ДАБРО! ПАРАДАК!»
Саджалі елкі, прыбіралі смецце
Штогод па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі ў Беларусі праводзяцца рэспубліканскія акцыі, накіраваныя на прыцягненне ўвагі грамадскасці да лясных багаццяў нашай краіны. Удзельнікі акцый разам з лесаводамі бяруць удзел у пасадках лясных культур, уборцы тэрыторый, добраўпарадкаванні месцаў адпачынку у лясах. Сёлетняя акцыя праходзіць пад дэвізам «Лес! Дабро! Парадак!».
На Шуміліншчыне ініцыятыву работнікаў лясной гаспадаркі падтрымалі вучні школ, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў.
Як расказала намеснік дырэктара Шумілінскага лясгаса Людміла Доктарава, дзесяцікласнікі СШ № 2 г. п. Шуміліна разам з актывістамі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» прыбіралі сасоннік у аграгарадку Светласельскі – адным з любімых месцаў адпачынку жыхароў райцэнтра, вучні Обальскай СШ навялі парадак і сабралі смецце ў лесе, які размешчаны на ўскрайку г. п. Обаль. Удзельнічалі ва ўборцы лясоў маладыя спецыялісты РАНС і лясгаса.
У аднаўленні лясоў удзельнічалі працоўныя калектывы гандлёва-вытворчага комплексу «Метан» і Шумілінскага раёна газазабеспячэння. Яны пасадзілі некалькі гектараў яловых саджанцаў паміж аграгарадком Слабада і вёскай Дворышча.
Акцыя завяршыцца 18 красавіка. Жадаючыя яшчэ могуць прыняць у ёй удзел і ўнесці свой уклад у аднаўленне лясоў нашай краіны.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.




